Спартоўкі Сьвятлана Андрыюк і Дар’я Далідовіч расказалі, што ў мінулым месяцы Беларускі лыжны саюз дэактываваў іх індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары, неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах, піша Reuters.
З словаў лыжніц, гэта зроблена на ўказаньне кіраўніка Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак Аляксандра Дараховіча, які даў загад забараніць удзел дзяўчат у міжнародных спаборніцтвах і беларускіх зборах. Просьбу журналістаў пракамэнтаваць свае рашэньні Дараховіч праігнараваў.
Сьвятлана Андрыюк заўважае, што гэтае рашэньне вымусіла яе прапусьціць кваліфікацыйныя спаборніцтвы, дзякуючы якім яна магла трапіць на Алімпійскія гульні ў Пэкіне, што адбудуцца сёлета.
«Яны даслоўна абвінавацілі мяне ў тым, што я прыхільніца апазыцыі», — сказала Андрыюк.
Цяпер спартоўка вымушана пакінуць Беларусь.
Аб праблемах з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі яшчэ ў сьнежні расказваў Сяргей Далідовіч, 6-разовы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў і бацька Дар’і Далідовіч, які таксама займаўся рыхтаваньнем дачкі.
Паводле ягонай інфармацыі, трэнэрская рада аднагалосна прагаласавала за адхіленьне Дар’і ад спаборніцтваў на год. У выніку юная лыжніца прапусьціць некалькі прадстаўнічых спаборніцтваў. Сяргей Далідовіч назваў гэта помстай за ягоную грамадзянскую пазыцыю.
Раней паведамлялі пра зварот Беларускага фонду спартовай салідарнасьці ў Міжнародную фэдэрацыю лыжнага спорту з прычыны адхіленьня беларускіх спартовак.
Як паведаміў Telegram-канал Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, фонд заклікае FIS перагледзець справу аб дыскрымінацыі Дар’і Далідовіч і Сьвятланы Андрыюк і аднавіць іх права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Паводле фонду, Андрыюк і Далідовіч двойчы зьвярталіся ў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, але не атрымалі адказу.
У сваёй заяве Беларускі фонд спартовай салідарнасьці нагадаў, што Фэдэрацыя лыжных гонак Беларусі і раней дыскрымінавала спартоўцаў, пазбаўляючы іх права рыхтавацца і ўдзельнічаць у спаборніцтвах у пэрыяд падачы заявак нацыянальнай фэдэрацыяй. Цяпер жа ціск на беларускіх лыжнікаў працягнуўся, ён дыскрымінацыйны і «павінен быць спынены FIS, галоўным рэгулятарам лыжнага спорту», гаворыцца ў заяве.
- Раней міністар спорту Беларусі Сяргей Кавальчук адкрыта заявіў, што і ў 2022 годзе ўлады працягнуць курс на ачышчэньне спартовых фэдэрацыяў ад прыхільнікаў апазыцыі. За 2020–2021 гады ад рэпрэсіяў пацярпеў шэраг спартоўцаў, фэдэрацыяў, рэдакцыяў спартовых выданьняў.