Спартоўкі Сьвятлана Андрыюк і Дар’я Далідовіч расказалі, што ў мінулым месяцы Беларускі лыжны саюз дэактываваў іх індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары, неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах, піша Reuters.
Па словах лыжніц, гэта зроблена на ўказаньне кіраўніка Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак Аляксандра Дараховіча, які даў загад забараніць удзел дзяўчат у міжнародных спаборніцтвах і беларускіх зборах. Просьбу журналістаў пракамэнтаваць свае рашэньні Дараховіч праігнараваў.
Сьвятлана Андрыюк заўважае, што гэтае рашэньне вымусіла яе прапусьціць кваліфікацыйныя спаборніцтвы, дзякуючы якім яна магла трапіць на Алімпійскія гульні ў Пэкіне, што адбудуцца сёлета.
«Яны даслоўна абвінавацілі мяне ў тым, што я прыхільніца апазыцыі», — сказала Андрыюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыцына, культура, спорт, права. Як грамадзянская супольнасьць замяняла дзяржаву ў 2021-мЦяпер спартоўка вымушаная зьехаць зь Беларусі.
Пра праблемы з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі яшчэ ў сьнежні расказваў Сяргей Далідовіч, 6-разовы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў і бацька Дар’і Далідовіч, які таксама займаўся падрыхтоўкай дачкі.
Паводле ягонай інфармацыі, трэнэрская рада аднагалосна прагаласавала за тое, каб адхіліць Дар’ю ад спаборніцтваў на год. У выніку юная лыжніца прапусьціць некалькі прадстаўнічых спаборніцтваў. Сяргей Далідовіч назваў гэта помстай за ягоную грамадзянскую пазыцыю.
BSSF зьвярнуўся ў Міжнародную фэдэрацыю лыжнага спорту з прычыны адхіленьня ад спаборніцтваў лыжніц Андрыюк і Далідовіч
Пра гэта паведамляе Telegram-канал Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці. BSSF заклікае FIS перагледзець справу аб дыскрымінацыі Дар’і Далідовіч і Сьвятланы Андрыюк і аднавіць іх у праве ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
У сваёй заяве Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці нагадвае, што Фэдэрацыя лыжных гонак Беларусі і раней дыскрымінавала спартоўцаў, пазбаўляючы іх права на падрыхтоўку і ўдзел у спаборніцтвах на працягу ўсяго пэрыяду падачы заявак нацыянальнай фэдэрацыяй. Цяпер жа ціск на беларускіх лыжнікаў працягнуўся і ён носіць дыскрымінацыйны характар і «павінен быць спынены FIS, галоўным рэгулятарам лыжнага спорту», гаворыцца ў заяве.
Раней міністар спорту Беларусі Сяргей Кавальчук адкрыта заявіў, што і ў 2022 годзе ўлады працягнуць свой курс на ачышчэньне спартовых фэдэрацый ад прыхільнікаў апазыцыі. За 2020–2021 гады ад рэпрэсій пацярпеў шэраг спартоўцаў, фэдэрацый, рэдакцый спартовых выданьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшынём Беларускай фэдэрацыі шахмат прызначылі сілавіка