«Такаеў перамог, бо прадаўся Крамлю». Экспэрт пра расейскі інтарэс у Казахстане

Дзьмітрый Арэшкін

Маскоўскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін у інтэрвію Свабодзе прадстаўляе сваю вэрсію падзей у Казахстане, расказвае пра расейскія інтарэсы ў гэтай краіне і тлумачыць, чаму Маскву не задавальняў Нурсултан Назарбаеў.

У Казахстане народная рэвалюцыя ці палітычная шматхадоўка

  • Гэта і не шмахадоўка, і не народная рэвалюцыя. Было лякальнае паўстаньне на захадзе, зьвязанае з сацыяльнымі патрабаваньнямі. Людзі былі не задаволены якасьцю аплаты працы, а тут яшчэ павысілі цэны. Нагода была. Там такое здаралася ня раз. Але гэтую нагоду выкарысталі людзі з клану Назарбаева дзеля таго, каб перадзяліць уладу. Тыя, хто хадзіў пад Назарбаевым, умоўна кажучы, група Карыма Масімава, які калісьці быў прэм’ерам, а пазьней узначаліў спэцслужбы і група Такаева. Абедзьве гэтыя групы разумелі, што Назарбаеў канчаецца. Ён стары, ледзь ходзіць, пэўна, страціў нюх. І пытаньне было, да каго пяройдзе поўнаўладнае кіраўніцтва краінай.
  • Гэта праблема вэртыкальных сыстэмаў. Аўтарытарны лідэр пакідае пасьля сябе сыстэму, якой патрэбен аўтарытарны лідэр. І яго супрацоўнікі пачынаюць вырашаць, хто зь іх будзе наступным елбасы. Сытуацыя вельмі падобная на 1953 год у СССР. Таварыша Сталіна ня стала — і чальцы Палітбюро вельмі добра разумелі, што нехта цяпер павінен стаць вялікім начальнікам. А з рэштай ён потым пачне жорстка распраўляцца як з патэнцыйнымі супернікамі.

Навошта там АДКБ

  • Такаеў, можа ад страху, а можа і ад адчаю, згуляў на апярэджаньне і перацягнуў коўдру на свой бок. І ў гэтым сэнсе зразумелы яго хуткі зварот да АДКБ. Бо ён разумее, што сілавікі заўсёды апіраюцца на штыкі. А свае штыкі падпарадоўваліся, хутчэй за ўсё, канкурэнтам. І справа ня ў тым, што міратворцы будуць выконваць паліцэйскія функцыі. Іх задача паслаць сыгнал мясцовым сілавікам, за кім сіла, на каго мясцовым сілавікам трэба раўняцца. Гэты сыгнал быў пасланы.
  • У Крамлі паставілі на Такаева, бо ён або раней дамовіўся, або здолеў пераканаць Пуціна. Мясцовыя сілавікі разумеюць, што Такаева яны б хутка зрынулі, а вось Расею складана. Такаеў перамог, але дзякуючы таму, што прадаўся Крамлю. Цяпер ён пад кантролем маскоўскіх сілавікоў, а яны проста так ня выйдуць. Пуцін там расставіць на ключавыя пазыцыі сваіх людзей. Яны намагаюцца ўзмацніць уплыў Масквы. У нейкім сэнсе гэта можна называць пасьпяховай спробай дзяржаўнага перавароту. Бо што б ні казалі ад імя Назарбаева, яго самога мы ня бачылі ад пачатку году.
  • Тыя, хто пацярпеў паразу, у лепшым выпадку ідуць на руднікі, а ў горшым учыняюць самагубства, як некалькі высокапастаўленых сілавікоў. Гэта значыць, што яны ні на таго паставілі. Ведаючы, як пабудаваная іх краіна, яны аддалі перавагу пайсьці на той сьвет, калі не ўдалося ўцячы за мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такаеў заявіў пра завяршэньне місіі АДКБ у Казахстане. Затрымана ўжо каля 10 тысяч чалавек

Якую палітычную лінію праводзіў Назарбаеў

  • Назарбаеў быў даволі разумным, дальнабачным і ў свой час вельмі папулярным палітыкам. Я нагадаю, што ён прыйшоў да ўлады ў выніку вельмі падобных падзеяў у сьнежні 1986 году. У Маскве прызначылі новым сакратаром рэспубліканскага камітэту партыі таварыша Колбіна. А казаская моладзь, якая ўжо падрасла і прывыкла думаць нацыянальнымі тэрмінамі, выйшла на вуліцы. Магчыма, таксама ня проста так; магчыма, яе частка эліт падтрымлівала. І гэта быў пратэст супраць расейца на чале Казахстану. І, адпаведна, знайшоўся малады, прагрэсіўны, пісьменны, вельмі хітры Назарбаеў.
  • Пазьней, на маю думку, ён даволі някепска будаваў казахстанскую суб’ектнасьць, дзяржаву, слушна вытрымліваў балянс паміж Эўропай, Кітаем, Расеяй.
  • Ён вёў самастойную палітыку. Але, як усе моцныя людзі, ён праз пару дзясяткаў год стаў займацца ня столькі палітыкай, колькі інтарэсамі свайго клану, сябе, сваіх дзяцей. Натуральна, ён пачаў раздражняць людзей.

Якую палітыку будзе праводзіць Такаеў

  • Звычайна ў такіх выпадках сьпее народны гнеў, прыходзіць народны правадыр, які паводзіць сябе прыблізна гэтаксама. Такаеў нібыта падкрэсьлены дыплямат, добра адукаваны, быў паслом у Сынгапуры і, адпаведна, уяўляе, як можа функцыянаваць цалкам азіяцкая і султанская, але лібэральная ў эканамічны пляне эканоміка. Але для таго, каб перахапіць уладу, ён вымушаны дзейнічаць значна больш жорстка і абапіраючыся пры гэтым на вонкавы рэсурс.
  • У выніку мы атрымаем больш залежны ад расейскіх сілавікоў рэжым і згоду новага прэзыдэнта на сяброўскія парады ад «старэйшага брата». Гэта будзе ў значна большай ступені, чым на гэта пагаджаўся Назарбаеў. Магчыма, таму ў Крамлі і зрабілі стаўку на Такаева, бо ён больш залежыць ад маскоўскіх сілавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка спрабуе ўвапхнуць Расею ў крызіс на яе паўднёвых межах», — Паротнікаў

Якія галоўныя інтарэсы Расеі ў Казахстане

  • Пакуль усё ірацыянальна.
  • У рацыянальным сэнсе было больш разумна мець Казахстан, які пасьпяхова і імкліва разьвіваецца, трымаецца свайго сувэрэнітэту і падтрымлівае сяброўскія адносіны з Расеяй. Але галава Пуціна і ягоных сілавікоў заточаная пад савецкую сыстэму каштоўнасьцяў. А яны асноўным лічаць сілавы кантроль над тэрыторыяй. Іх трошкі трывожыла, што Назарбаеў праводзіць незалежную палітыку і яму асабліва не навяжаш нейкіх рашэньняў.
  • У прыватнасьці, сур’ёзныя пазыцыі там былі ў брытанскага і іншых эўрапейскіх бізнэсаў, якія забясьпечвалі тэхналёгіяй нафтагазавыя распрацоўкі і валодалі сур’ёзнай часткай акцыяў гэтых прадпрыемстваў. Гэта раздражняла расейскіх канкурэнтаў. Ім хацелася гэтыя бізнэсы падмяць пад сябе. І цяпер, калі расейская ўлада параіць Такаеву правесьці нацыяналізацыю, то ён правядзе. Нацыяналізацыя гэта вельмі зручны тэрмін, бо можна патлумачыць народу, што радовішчы вяртаюцца ў рукі працоўнага народу. А на самой справе гэты радовішчамі будзе распараджацца ўлада. А ў народу будуць толькі казкі, што гэта ягоная ўласнасьць.
  • Камандаваць з Масквы цяпер будуць, як у Чачэніі. З аднаго боку, Чачэніяй кіруе Кадыраў, але Кадыраў прышпілены на вельмі кароткім павадку да Спаскай вежы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачуцьцё неабароненасьці, як у Беларусі, адчуваньне, што ты на вайне». Дзёньнік беларускай лекаркі з Алматы