Суд над прадпрымальнікам Васілевічам прызначылі на 24 студзеня

Аляксандар Васілевіч

Палітвязьню ставяць у віну ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Але дакладны склад і колькасьць артыкулаў невядомы праз падпіску аб невыдаваньні.

Суд над прадпрымальнікам Аляксандрам Васілевічам пачнецца 24 студзеня. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Надзея Зелянкова.

Судзьдзёй выступіць Марына Фёдарава.

Перасьлед Аляксандра Васілевіча

Васілевіч — сузаснавальнік вядомых онлайн-выданьняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва «Vondel/Hepta» і былы ўладальнік прасторы «Галерэя Ў».

28 ліпеня 2020 году Аляксандра затрымалі міліцыянты ў будынку КДБ, куды ён разам зь іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Яго асудзілі на 14 дзён арышту за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваным сходзе.

28 жніўня 2020 году Васілевіча зноў затрымалі. На гэты раз прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

4 верасьня 2020 году Васілевічу выставілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу. Прычына невядомая, бо з тых, хто мог бы яе назваць, узята падпіска аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: узнагародзілі рэдактарку Tut.by Золатаву, Васілевіча пакінулі пад вартай, у Кіеве заступіліся за Пушкіна

7 верасьня 2020 году праваабаронцы прызналі Аляксандра Васілевіча палітычным зьняволеным. Яму шмат разоў падаўжалі тэрмін утрыманьня пад вартай.

4 верасьня 2021 Васілевічу выставілі абвінавачаньне. З прычыны падпіскі аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва дакладна невядома, па якім артыкуле Крымінальнага кодэксу ён праходзіць. У якасьці падазраванай у крымінальнай справе лічыцца і ягоная жонка Надзея Зелянкова. Увесь гэты час палітвязеня ўтрымліваюць у менскім СІЗА № 1. Там яго прызналі «схільным да экстрэмізму» і паставілі на прафіляктычны ўлік.

Акрамя бізнэсу, Васілевіч займаецца яшчэ і пісьменьніцкай дзейнасьцю. Пакуль Аляксандар быў пад вартай, 2 сьнежня 2020 году ў яго нарадзілася дачка Ўршуля. Для яе і першай дачкі Адэлі палітзьняволены піша і дасылае казкі. Дзевяць зь іх жонка Надзея Зелянкова выклала ў інтэрнэце электроннай кніжкай пад назвай «Папа и пингвин».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Аляксандар Васілевіч: «Добрыя ўчынкі. І сьвятла становіцца больш»

У лістападзе 2021 году Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтар прысудзілі Васілевічу прэмію імя Францішка Аляхновіча, якая ўручаецца за літаратуру, што базуецца на асабістым турэмным досьведзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Названыя новыя ляўрэаты прэміі за літаратуру з турмы