Асуджаная на 11 гадоў зьняволеньня прадстаўніца перадвыбарнага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава ў папярэднія месяцы была ў менскім СІЗА-1. Цяпер яе этапавалі ў гомельскую жаночую калёнію.
Адрас для ліставаньня:
ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.
Калесьнікавай Марыі Аляксандраўне.
У калёніі з Марыяй Калесьнікавай сустрэўся адвакат. Стала вядома, што яе вывезьлі зь СІЗА ў Менску ўвечары 8 жніўня, а раніцай 9 студзеня яна ўжо была ў гомельскай калёніі. У калёніі ёй зрабілі рэнтген і ўзялі аналізы.
Наступныя два тыдні Калесьнікава будзе ў калёніі на карантыне, адпаведна, на канвэртах варта рабіць пазнаку «Карантын».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Знака этапавалі ў віцебскую калёнію; арыштаваных у «справе Зельцара» пераводзяць у СІЗА па месцы жыхарстваШто трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.