«Мы не зьяўляемся часткай якой-небудзь постсавецкай інфраструктуры, якая, як у выпадку з Казахстанам, дазволіла зьнешнюю вайсковую інтэрвэнцыю і захоп крытычнай інфраструктуры», — заявіла Вольга Стэфанішына ў Брусэлі на супольным з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам брыфінгу ў Брусэлі перад пачаткам пасяджэньня рады Ўкраіна — NATO.
Віцэ-прэм’ер Украіны падкрэсьліла, што краіна ажыцьцяўляе ўнутраныя рэформы і мае адзінства ў асуджэньні расейскай агрэсіі супраць Украіны. Яна дадала, што эўрапейская і паўночна-атлянтычная інтэграцыя Ўкраіны прадугледжана канстытуцыяй краіны, і гэтую палітыку падтрымлівае большасьць украінскіх грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жэнэве праходзяць перамовы дэлегацый ЗША і Расеі. Пазыцыі бакоўВольга Стэфанішына дадала, што правядзеньне рады Ўкраіна — NATO разглядае як падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны. «Сёньня мой намер — унесьці максымальную яснасьць у разуменьне усіма сябрамі NATO сытуацыі ў рэгіёне, на межах з Украінай, уключаючы імплемэнтацыю менскіх пагадненьняў і дамоўленасьцяў у нармандзкім фармаце. Мы лічым немагчымым, калі агрэсар выстаўляе нейкія ўмовы, падмацоўваючы іх танкамі. Гэта пагроза новай вайны. Расея намагаецца навязаць парадак дня замест таго, каб вярнуцца да перамоваў. Гарантыя бясьпекі мае пачацца з адвядзеньня войскаў ад межаў Украіны».
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падкрэсьліў, што альянс робіць важныя намаганьні, каб папярэдзіць вайсковы канфлікт. Паводле яго, 10 студзеня ў Жэнэве (Швайцарыя) праходзяць перамовы ЗША і Расеі, пазьней адбудуцца перамовы з Расеяй у межах АБСЭ, а таксама ў фармаце рады NATO — Расея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO: пры правале перамоваў з Расеяй магчымы яе напад на Ўкраіну«Што мы цяпер бачым ва Ўкраіне і вакол Украіны — нарошчваньне вайсковай сілы Расеі. І гэта падкрэсьлівае важнасьць двухтрэкавага падыходу NATO да Расеі — стрымліваньне, абарона і дыялёг. І мы гэта робім... Гэта важныя намаганьні, каб спрабаваць забясьпечыць палітычнае рашэньне і папярэдзіць вайсковы канфлікт. І мы будзем працягваць працу з Расеяй, каб знайсьці мірнае вырашэньне праблемы, і адначасова мусім рыхтавацца і да таго, што Расея можа выбраць выкарыстаньне вайсковай сілы і канфрантацыю замест перамоў», — адзначыў Енс Столтэнбэрг.
У той жа час генэральны сакратар NATO падкрэсьліў, што рашэньне аб уступленьні Ўкраіны ў NATO будуць ухвальваць Украіна і 30 краін-чальцоў альянсу. Енс Столтэнбэрг таксама заклікаў краіны паўночна-атлянтычнага альянсу ўзмацніць супрацу з Украінай на двухбаковым узроўні.
«Мы вельмі дакладна заяўлялі, што мы ня пойдзем на кампраміс адносна права якой-небудзь дзяржавы выбіраць свой уласны шлях, у тым ліку і бясьпекавыя дамоўленасьці, часткай якіх яна хоча быць. Таму фундамэнтальным ёсьць непарушэньне гэтага прынцыпу», — заявіў Енс Столтэнбэрг.