Хроніка перасьледу: анархістаў абвінавацілі ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, затрымалі блогера, які на Новы год вярнуўся ў Беларусь 

Адзін зь сілавікоў у Менску. Архіўнае фота

Перасьлед беларусаў з палітычных матываў не спыняецца. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

Чатыром арыштаваным анархістам — Яўгену Рубашку, Аляксандру Бялову, Арцёму Салаўю і яшчэ аднаму актывісту — выставілі абвінавачаньні ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня «Прамень» і ўдзеле ў ім (арт. 361-1), паведамляе тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».

Пры гэтым як зазначаецца, усіх хлопцаў затрымалі яшчэ да прызнаньня суполкі экстрэмісцкім фармаваньнем.
Усім ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер яны знаёмяцца з матэрыяламі справы.

Аляксандра Бялова і Яўгена Рубашку затрымалі 29 ліпеня, а Арцёма Салаўя — 4 жніўня. Усіх іх супрацоўнікі ГУБАЗіК білі пры затрыманьні. Пазьней анархістам выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 КК і зьмясьцілі пад варту ў СІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе будзе добра!» Асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня анархіст Аліневіч даслаў натхняльную паштоўку з-за кратаў

Затрымалі блогера, які на Новы год вярнуўся ў Беларусь

Затрымалі стваральніка ютуб-каналу «Трэці Рэгіён Беларусь» Алега Канавалава, паведамляе «Вясна».

Вядома, што Алег у 2020 годзе пераехаў ва Ўкраіну. На навагоднія сьвяты ён прыехаў у Беларусь, дзе і быў затрыманы. Папярэдне, супраць Канавалава распачалі крымінальную справу за распальваньне сацыяльнай варожасьці.

Канавалава затрымлівала міліцыя ў сакавіку 2021 году. Тады яго паказвалі па тэлеграм-канале МУС, камэнтуючы, што ён нібыта падманваў жыхароў Гомля і зьбіраў грошы на дапамогу пратэстоўцам. Пасьля сакавіцкага затрыманьня зьехаў у Кіеў, там прымаў удзел у акцыях на Майдане Незалежнасьці і здымаў пра гэта відэа. Шмат камэнтаваў у чаце «Беларускага дому ва Ўкраіне» ў адкрытым доступе. Ён інвалід па зроку. На ягоным канале 337 падпісчыкаў.

Пракурор запрасіў тры гады «хіміі» для гукаапэратара ТЮГ


Суд Фрунзэнскага раёну Менску 10 студзеня працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 23-гадовага гукаапэратара Тэатру юнага гледача, палітвязьня Кірыла Салеева.

Мужчыну вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх па ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у нядзельных маршах у Менску 27 верасьня і 25 кастрычніка 2020 году.

Прадстаўнік абвінавачаньня Дзьмітры Хаваўка запрасіў для Салеева тры гады «хіміі», паведамляе «Вясна». Чакаецца, што прысуд будзе вынесены заўтра, 11 студзеня.