Урад Літвы прыняў рашэньне не працягваць рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю і ў лягерах, дзе разьмяшчаюць мігрантаў, якія прыбылі з краіны, заявіла прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманітэ.
Эўразьвяз лічыць, што Беларусь наўмысна падштурхоўвае нелегальных мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі да пераходу граніцы з ЭЗ, правакуючы крызіс у адплату за санкцыі, уведзеныя супраць Менска.
«Цяпер урад ня будзе прапаноўваць працяг надзвычайнага становішча пасьля 15 студзеня, але нам, магчыма, давядзецца разгледзець такі крок у залежнасьці ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя», — сказала Шыманітэ.
Рэжым надзвычайнага становішча, які дзейнічае з 9 лістапада, дазваляе памежнікам выкарыстоўваць «псыхалягічны ціск» і «прапарцыйны фізычны гвалт» для прадухіленьня пранікненьня мігрантаў у Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высланага зь Беларусі кубінца, які ўдзельнічаў у пратэстах, эвакуявалі ў Літву