У ведамстве раней заявілі, што затрыманым пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне. Таксама МУС Казахстану заяўляла, што сярод затрыманых ёсьць замежныя грамадзяне і толькі ў адным зь сёлаў Алмацінскай вобласьці затрыманыя больш за 100 грамадзян суседняй дзяржавы (якой — не ўдакладнялася).
У Казахстане цяпер дзейнічае «крытычны чырвоны» ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі, пішуць мясцовыя СМІ. Сутыкненьні і акцыі пратэсту працягваюцца ў розных гарадах краіны, але іх інтэнсіўнасьць спала ў параўнаньні зь першымі днямі.
Улады Казахастану заяўляюць, што вярнулі кантроль над адміністрацыйнымі будынкамі і сытуацыя знаходзіцца пад кантролем. У краіне цалкам адноўлены рух пасажырскіх цягнікоў. Таксама аднавіў працу Міжнародны аэрапорт у Нур-Султане, яго ахова ўзмоцненая. Учора ўвечары ў Нур-Султан ужо вылецеў першы самалёт авіякампаніі «Белавія». Вылет адбыўся ў 20.15 па менскім часе, сьведчыць расклад Нацыянальнага аэрапорту Менск.
У краіне па-ранейшаму перабоі ў працы інтэрнэту. Такаеў 7 студзеня заявіў, што з прычыны стабілізацыі абстаноўкі ў краіне прыняў рашэньне ўключыць інтэрнэт у асобных рэгіёнах краіны на пэўныя часовыя інтэрвалы.
Урон ад беспарадкаў у Казахстане ўжо ацанілі ў 78 млрд тэнге (каля 180 мільёнаў даляраў). Пра гэта паведаміла выданьне Atameken Business са спасылкай на «Атамекен» (падліковую палату Казахстану).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане не паўстаньне, а «разборка» кланаў. Меркаваньне экспэрта па Цэнтральнай Азіі Аркадзя ДубноваПадчас пратэстаў ад агнястрэльнага раненьня загінула дзіця. 10 студзеня абвясьцілі агульнанацыянальную жалобу
Падчас пратэстаў у Алматы 5 студзеня загінула дзіця, паведамляе @informburo_kz. Бацькі шпацыравалі са сваімі дзецьмі, калі пачуўся стрэл, які стаў для 11-гадовага хлопчыка фатальным. Таксама 7 студзеня ў адну зь дзіцячых бальніц Алматы зь цяжкімі агнястрэльнымі раненьнямі даставілі 15-гадовага падлетка, урачы змагаюцца за яго жыцьцё. Хлопец ехаў з бацькам на машыне, калі іх аўтамабіль расстралялі баевікі.
Як паведаміла МЗС Ізраілю, падчас беспарадкаў у Алматы 7 студзеня загінуў ізраільскі грамадзянін.
Прэзыдэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў аб'явіў у Казахстане 10 студзеня агульнанацыянальную жалобу, паведаміў ягоны прэс-сакратар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас пратэстаў у Алматы загінулі двое дзяцей. 10 студзеня ў Казахстане абвясьцілі агульнанацыянальную жалобуПрэс-сакратар Назарбаева агучыў яго першы камэнтар у сувязі з пратэстамі
Першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў не пакідаў рэспубліку, заявіў ягоны прэс-сакратар Айдас Укібай. «Елбасы знаходзіцца ў сталіцы Казахстану горадзе Нур-Султане. Просім не распаўсюджваць загадзя ілжывую і спэкулятыўную інфармацыю. Елбасы праводзіць шэраг кансультатыўных сустрэч і знаходзіцца на прамой сувязі з прэзыдэнтам Казахстану Касым-Жамартам Такаевым», — паведаміў ягоны прэс-сакратар у Twitter.
Ён дадаў, што Назарбаеў заклікаў усіх згуртавацца вакол прэзыдэнта Казахстану «для пераадоленьня бягучых выклікаў і забесьпячэньня цэласнасьці нашай краіны». Паводле прэс-сакратара, Назарбаеў таксама правёў некалькі тэлефонных размоваў «з кіраўнікамі дружалюбных Казахстану дзяржаў».
Гэта першая афіцыйная інфармацыя ад імя Назарбаева пасьля пачатку пратэстаў. Раней у СМІ Казахстана зьявілася інфармацыя, што першы прэзыдэнт Казахстану разам са сваякамі мог выехаць за межы краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра яго размову з Назарбаевым. Але невядома, дзе цяпер першы прэзыдэнт КазахстануЗатрымалі экс-старшыню Камітэту нацыянальнай бясьпекі Казахстану Карыма Масімава
Як паведаміла прэс-служба ведамства, яго і шэраг іншых асобаў (якіх таксама затрымалі) падазраюць у здрадзе дзяржаве. Масімаў узначальваў Камітэт нацыянальнай бясьпекі Казахстану зь верасьня 2016 году, зьняты з пасады 6 студзеня 2021 году. Раней ён двойчы займаў пасаду прэм’ер-міністра Казахстану.
Экс-банкір Аблязаў назваў сябе лідэрам пратэстаў у Казахстане
Былы кіраўнік банку БТА Банк Мухтар Аблязаў, які хаваецца за мяжой, назваў сябе лідарам апазыцыі і пратэстаў у Казахстане. Аб гэтым ён заявіў Reuters. Ён паведаміў, што «пратэстоўцы ў Алма-Аце штодня пытаюцца ў яго, як дзейнічаць». Аблязаў заявіў, што плянуе вярнуцца ў Казахстан, каб узначаліць часовы ўрад, але пры ўмове, што «пратэсты дасягнуць патрэбнага ахопу».
Пуцін і Такаеў дамовіліся аб правядзеньні анлайн-саміту АДКБ
Кіраўнік Казахстану ініцыяваў правядзеньне анлайн-саміту АДКБ у бліжэйшы час, прэзыдэнт Расеі падтрымаў прапанову, паведамілі ў прэс-службе Крамля па выніках тэлефоннай размовы 8 сьнежня Пуціна і Такаева. Такаеў, паводле прэс-службы Крамля, падрабязна інфармаваў Пуціна аб абстаноўцы, якая складваецца ў Казахстане, адзначыўшы, што яна «разьвіваецца ў бок стабілізацыі», і выказаў падзяку за дапамогу з боку краінаў АДКБ і асабліва — Расейскай Фэдэрацыі.
Аляксандар Лукашэнка раніцай 8 сьнежня таксама паразмаўляў па тэлефоне з Такаевым «пра сытуацыю і абстаноўку ў Казахстане, далейшыя дзеяньні», а таксама з Пуціным — «пра сытуацыю ў краінах АДКБ, у тым ліку ў Казахстане», піша «Пул Первого».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рана ці позна яны памруць або іх заб’юць», — экспэртка пра тое, што насамрэч адбываецца ў КазахстанеМінабароны Беларусі: беларускія вайскоўцы ахоўваюць аб'екты вайсковай інфраструктуры Казахстану
Беларускія вайскоўцы са складу сілаў АДКБ, накіраваных у Казахстан, прыступілі да выкананьня задач па ахове шэрагу важных абʼектаў вайсковай інфраструктуры, паведамляе прэс-служба Мінабароны. Што гэта за абʼекты, не ўдакладняецца, як і рэгіён разгортваньня беларускага кантынгенту.
Ведамства падкрэсьлівае, што беларускія вайскоўцы па дамоўленасьці з казахстанскім бокам не прыцягваюцца да апэратыўна-баявых мерапрыемстваў у краіне. Яны выконваюць пастаўленыя задачы ў плянавым рэжыме. Няштатных сытуацый не зафіксавана.
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.