У Алматы загінулі дзясяткі ўдзельнікаў пратэстаў. Сытуацыя ў Казахстане на раніцу 7 студзеня

Пажар у офісе кіроўнай партыі Нур Атан. Алматы, 5 студзеня

У Казахстане працягваюцца пратэсты супраць дзейнай улады, якія перарасьлі ў перастрэлкі. У краіну прыбываюць вайскоўцы з краін АДКБ, у тым ліку Беларусі.

У цэнтры Алматы аднавілася стральба, у Казахстане зноў адключылі інтэрнэт

Супрацьстаяньне ў цэнтры самага буйнога казаскага гораду Алматы працягваецца. На цэнтральнай плошчы гораду з раніцы чуваць інтэсыўную стральбу, паведамляе РІА «Новости» з месца падзей.

Ва ўсім Казахстане тым часам зноў адключылі інтэрнэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: улады Казахстану ўзялі пад кантроль усе дзяржаўныя будынкі ў Алматы. Сьведкі: людзей расстрэльвалі з аўтаматаў

Генэральны сакратар АДКБ: колькасьць вайскоўцаў блёку ў Казахстане будзе дасягаць 2,5 тысячы чалавек

Такую заяву ў інтэрвію РІА «Новости» зрабіў генэральны сакратар арганізацыі Станіслаў Зась. Усяго, дадаў ён, у распараджэньні АДКБ ёсьць каля трох тысяч «міратворцаў».

«Будзем зыходзіць з сытуацыі. Трэба будзе, будзем узмацняцца», — таксама дадаў Зась. Ён паведаміў, што перакідку вайскоўцаў плянуюць завяршыць 7 студзеня.

Аб ваеннай дапамозе ў супрацьдзеяньні «акту агрэсіі» з боку «тэрарыстаў» блёк 5 студзеня прасіў прэзыдэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Такім чынам кіраўнік краіны апісаў акцыі пратэсту ў розных гарадах Казахстана, якія адбываюцца з 2 студзеня.

У АДКБ апрача Казахстану ўваходзяць Расея, Кыргызстан, Таджыкістан, Беларусь і Армэнія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расейская прапаганда падае падзеі ў Казахстане: Калі вы хочаце лепшага жыцьця — вы яўна прадаліся Захаду

Загінулі дзясяткі пратэстоўцаў

У Алматы пры падаўленьні масавых пратэстаў, якія перарасьлі ў беспарадкі, былі забітыя некалькі дзясяткаў іх удзельнікаў. Пра гэта ў чацьвер паведамілі як улады Казахстану, так і Жасарал Куанышалін, які называе сябе начальнікам незалежнага каардынацыйнага штаба пратэстаў. Паводле яго слоў, забітыя не менш за 30 чалавек, стральба вялася баявымі патронамі — піша выданьне Orda.kz.

Афіцыйны прадстаўнік дэпартамэнту паліцыі Алматы раней сьцьвярджаў, што ў горадзе забітыя дзясяткі ўдзельнікаў беспарадкаў, асобы якіх высьвятляюцца, перадае «Інтэрфакс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка высылае беларусаў на чужую вайну

Прэзыдэнт Казахстану правёў паседжаньне «контртэрарыстычнага штабу»

Касым-Жамарт Токаеў у 7.00 раніцы правёў нараду з удзелам кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта, Савета бясьпекі і сілавых структур, паведаміла выданьне Оrda_kz.

«Канстытуцыйны парадак у асноўным адноўлены ва ўсіх рэгіёнах краіны. Мясцовыя органы кантралююць сытуацыю. Але тэрарысты па-ранейшаму ўжываюць зброю, наносяць шкоду маёмасьці грамадзян. Таму контртэрарыстычныя акцыі трэба працягваць да поўнага зьнішчэньня баевікоў», — заявіў Такаеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават „ябацькі“ супраць удзелу беларусаў у чужой вайне». Дыскусія Вусава і Цыганкова

СМІ Кыргызстана: у Бішкек з ААЭ прыляцелі два самалёты, якія «належаць сям’і Назарбаева»


У бішкекскі аэрапорт Манас прыбылі два прыватныя самалёты, якія належаць, як паведамляюць кыргызстанскія СМІ, сямʼі экс-прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Кыргызстанскае інфармагенцтва 24.kg удакладняе, што ў аэрапорт прыбыў самалёт Bombardier Global Express. Па дадзеных Flightradar24, судна прызямлілася ў Бішкеку прыкладна ў 23:20. Іншы аналягічны самалёт, названы «назарбаеўскім», прызямліўся ў аэрапорце Манас прыкладна ў 22:10 на тэхнічную стаянку.

«Магчыма, экіпажу трэба адпачыць або дазаправіцца. У такіх выпадках ніхто з пасажыраў не можа пакідаць борт, грузы не выгружаюць», — сказалі ў прадстаўніцтве аэрапорта.

У прэс-службе аэрапорта Манас пацьвердзілі прыбыцьцё з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў аднаго прыватнага самалёта маркі Bombardier. Аднак прадстаўнік прэс-службы дадаў, што прыналежнасьць паветранага судна, якое выконвала камэрцыйны рэйс, невядомая.

У 0:10 па мясцовым часе, паводле дадзеных Flightradar24, борт вылецеў з аэрапорта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казаскія пратэсты ў лічбах: ад ахвяраў да шкоды

У Казахстане з 2 студзеня праходзяць масавыя пратэсты, якія ўспыхнулі ў сувязі з двухразовым павышэньнем коштаў на звадкаваны газ.

5 студзеня першы прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў пакінуў пасаду кіраўніка Рады Бясьпекі Казахстана. Кіраўніком гэтага органа ён быў абʼяўлены пажыцьцёва. СБ узначаліў цяперашні прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў. Ён абвінаваціў «тэрарыстычныя банды» ў тым, што адбываецца ў Казахстане.

Да 6 студзеня масавыя пратэсты ахапілі практычна ўсю краіну. У Алматы мірныя акцыі пратэсту спалучаліся актамі марадзёрства, падпалаў і захопу адміністрацыйных абʼектаў.

У Казахстане адключылі інтэрнэт, у краіне спынілі працу ўсе банкі. Відавочцы паведамлялі аб стральбе і выбухах у Алматы. Па афіцыйнай вэрсіі, у горадзе 6 студзеня праводзіцца «антытэрарыстычная апэрацыя». Зьявілася інфармацыя аб прымяненьні агнястрэльнай зброі супраць мірнага насельніцтва, а таксама аб загінуўшых і параненых.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.