Арцемій Троіцкі пра эпізод, калі беларуская рэвалюцыя магла перамагчы

Арцемій Троіцкі

Расейскі музычны крытык і культуроляг (з 2014 году жыве і працуе ў Таліне) Арцемій Троіцкі, які сочыць за падзеямі ў Беларусі, падзяліўся сваімі развагамі на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Цалкам тэкст можна прачытаць тут, мы публікуем фрагмэнты.

«Гэта была культурная рэвалюцыя ва ўсіх сэнсах»

... Рэвалюцыя-2020 мела падкрэсьлена мірны характар; сымбалем гэтага можна лічыць кранальныя рады абутку, які дэманстранты здымалі, перш чым устаць на лаўкі падчас мітынгаў... Ніводнага выпадку вандалізму ці рабункаў «пад шумок», ніякага гвалту! Гэта была культурная рэвалюцыя ва ўсіх сэнсах слова. Рэакцыя ўладаў аказалася, як гэта прынята пры дыктатурах, асабліва асымэтрычнай: чалавечыя ахвяры, масавыя зьбіваньні, паліцыянты хапаюць тысячы людзей, кідаюць іх у засьценкі, катуюць.

І вось тут пачынаецца незразумелае і спрэчнае: ці сумяшчальныя «супраціў» і «непраціўленьне»? Было б лягічна выказаць здагадку, што, абураны зьверствам лукашэнкаўскіх сілавікоў, беларускі народ раззлуецца і адкажа адэкватна, выкарыстоўваючы сторазовую колькасную перавагу. Гэтага ня здарылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Было паўкрока да перамогі». Арцемій Троіцкі пра падпольле, нявызваленых палітвязьняў і Менск без Лукашэнкі

«Менскую Бастылію браць ня сталі»

... Я дакладна памятаю як мінімум адзін эпізод, калі беларуская рэвалюцыя магла прайсьці пункт невяртаньня і, мусіць, перамагчы. Менск, жнівень 2020-га, вуліца Валадарскага; вялізны натоўп, тысяч дзесяць-дваццаць чалавек, дружна падыходзіць да брамы знакамітага СІЗА № 1, у якім закратаваныя сотні арыштаваных апазыцыйных палітыкаў, актывістаў, простых дэманстрантаў. Ад натоўпу аддзяляецца жанчына — відаць, перамоўніца — і зьнікае за брамай. Натоўп чакае. Неўзабаве жанчына вяртаецца, нешта кажа невялікай групе памагатых, пасьля чаго тыя зьвяртаюцца да шматтысячнага сходу; тысячы людзей павольна рэціруюцца.

Я ня ведаю, што гэта была за дама, і дапускаю, што ў яе былі самыя добрыя намеры — скажам, не дапусьціць кровапраліцьця. Тым больш ня ведаю, што ёй сказалі за брамай — «Выпусьцім усіх заўтра раніцай» ці «Адкрыем агонь». Ведаю толькі, што менскую Бастылію браць ня сталі, і ў выніку вязьні сядзяць, асуджаныя на неймаверныя тэрміны, а кроў — Рамана Бандарэнкі і іншых — усё роўна пралілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму мы былі ня ў курсе, што такія гіцлі побач з намі?» Што цяпер думаюць тыя, хто летась далучыўся да пратэстаў

«Стратэгія дзяржаўнага тэрору прынесла плён»

... Што дазваляе Лукашэнку ўтрымлівацца на плыву? На мой погляд, роўна два фактары — адзін унутраны і адзін вонкавы. Унутраны — і гэта самае сумнае ва ўсёй гісторыі — праз маштабныя і бязьлітасныя рэпрэсіі ўдалося запалохаць народ, прытушыць пратэставы рух. Ізалююцца ад грамадзтва і выціскаюцца з краіны тысячамі ці дзясяткамі тысяч усе, каму дарагая свабода, хто не баіцца яе абараняць. Мяркуючы па гіпэрдэпрэсіўнай абстаноўцы ў Беларусі (некаторыя мае сябры там яшчэ засталіся), стратэгія дзяржаўнага тэрору прынесла плён.

Вонкавы фактар відавочны, але ўсё ж выклікае пытаньні... Без падтрымкі Крамля — эканамічнай, фінансавай, сілавой, палітычнай — Лукашэнка не пратрымаўся б. Пытаньне: навошта і наколькі ён патрэбны Пуціну? Адна бясспрэчная прычына — свайго кшталту «дыктатарская салідарнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саша Філіпенка: «Мы цяпер змагаемся ня толькі з рэжымам Лукашэнкі, але і з Расеяй, якая стаіць за яго сьпінай»

«Дзейнічаць паводле сцэнару тыпу „Нар’ега/Хусэйн“»

... Самай бясьпечнай для насельніцтва, якое пакутуе, і разам з тым самай дзейснай мерай лічу наступную: прызнаць А. Г. Лукашэнку вінаватым ва ўчыненьні злачынстваў супраць чалавечнасьці (падставаў для гэтага больш чым дастаткова) і дзейнічаць далей паводле сцэнару тыпу «Нарʼега/Хусэйн». Як яшчэ можна ў сёньняшнім сьвеце змагацца з надзеленымі ўладай і добра ўзброенымі маньякамі — я ня ведаю.

Your browser doesn’t support HTML5

Арцемій Троіцкі — пра найлепшыя песьні беларускага пратэсту