«Праз інтрыгі „ябацек“». Як мэнэджар буйной кампаніі застаўся бяз працы

Уладзімер Дзядоў (чацьвёрты справа) на акцыі салідарнасьці ў Польшчы. Уроцлаў, 2021 год

Уладзімеру Дзядову 54 гады. Зь іх 11 ён адпрацаваў на кампанію Huawei (ААТ «Бел Хуавэй Тэхноладжыс». — РС). Пасьля звальненьня мусіў эміграваць.

«У кампаніі забаронены любы від дыскрымінацыі, у тым ліку палітычная. Але са мной абышліся такім чынам. У цяжкія для маёй сям’і моманты я не прасіў у кампаніі дапамогі, але тое, што кампанія ня проста не дапаможа, але яшчэ і пачне мяне дабіваць, было шокам», — кажа былы мэнэджар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імкнуцца самалёты ў вырай». Гурт J:МОРС выпусьціў кліп на песьню «Бывай» пра вымушаную эміграцыю беларусаў

«Лічу правільным у працоўны час ня ўдзельнічаць у дыскусіях, якія ня тычацца працы і разьядноўваюць супрацоўнікаў»

Радыё Свабода зьвярнулася да кіраўніцтва ААТ «Бел Хуавэй Тэхноладжыс» з просьбай патлумачыць сытуацыю са звальненьнем мэнэджара Ўладзімера Дзядова, але адказу не атрымала. Калі будзе адказ, мы яго апублікуем, а цяпер прыводзім расказ самога Ўладзімера.

Уладзімер Дзядоў з жонкай Сьвятланай

Ён кажа, што прыйшоў на Huawei у 2010 годзе. Дзесяць гадоў працаваў у штаце, мэнэджарам па складзкой лягістыцы. Са жніўня 2020 году працаваў у кампаніі Ancor.

«На практыцы — я працаваў, як і раней, на Huawei, але ў кампаніі, якая прадстаўляе ім паслугі пэрсаналу — у Ancor. У чым тут выгада для Huawei — дакладна не магу сказаць. Але цяпер я думаю, што адна з прычын — у выніку парушэньня кампаніяй правоў супрацоўніка яму цяжэй будзе даказаць, што ён працаваў у Huawei. Мне ва ўльтыматыўнай форме прапанавалі працаваць у тым ж аддзеле, толькі займацца больш простай працай і праз Ancor».

Уладзімер называе такі перавод «першым званком» ягонага звальненьня. Кажа, што прычыну пераводу кіраўніцтва яму адмовілася патлумачыць.

«Лічу, што калі б прычына была аб’ектыўная і абгрунтаваная, не зьвязаная зь якім-небудзь відам дыскрымінацыі, — яе б патлумачылі. У заробку я нічога ня страціў. Заробак я меў даволі высокі, калі лічыць па беларускіх мерках», — кажа Ўладзімер.

Ён дадаў, што працаваў добра — меў досыць узнагарод ад кампаніі, шмат зрабіў для аўтаматызацыі і падвышэньня эфэктыўнасьці лягістычных працэсаў.

«У кампаніі час ад часу былі выпадковыя і непрацяглыя размовы пра палітычную сытуацыю ў краіне, асабліва калі нешта такое адбывалася, што не магло пакінуць людзей убаку. Людзі зусім не баяліся гэта абмяркоўваць, хоць і мала хто сумняваўся, што ў Huawei ня можа ня быць „ябацек“-стукачоў. Я мог удзельнічаць у абмеркаваньнях, але дакладна ня больш, чым іншыя. І ніколі ня быў іх ініцыятарам, хутчэй наадварот», — кажа Ўладзімер.

Узнагароды Ўладзімера Дзядова, былога мэнэджара кампаніі Huawei.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’ю палітзьняволенай Шарэнды-Панасюк высяляюць з арандаванай у Берасьцейскага гарвыканкаму кватэры

«Маё звальненьне, спадзяюся, хутчэй выключэньне»

Падчас пратэстаў у жніўні 2020-га сын Уладзімера Станіслаў быў арыштаваны, яго білі на Акрэсьціна, ён шмат даваў інтэрвію СМІ. Трапіла пад арышт і жонка Ўладзімера Сьвятлана — па «народным» артыкуле 23.34.

У сьнежні 2020-га ў Дзядовых прайшоў ператрус. Затым Сьвятлану арыштавалі на 14 содняў. Пры ператрусе забралі працоўны кампутар Уладзімера.

«Сыстэму кампутара адразу заблякавалі спэцыялісты Huawei. Але ў мяне абвастрыліся праблемы на працы. Тымлід заявіла мне, што канфіскацыя ў мяне службовага кампутара — вялікае парушэньне з майго боку, і таму, на патрабаваньне вышэйшага кіраўніцтва, я абавязаны штодзень працаваць у офісе. І вось у час абвешчанага кампаніяй карантыну, пасьля ўсіх карпарацыйных папярэджаньняў і падрабязнай інфармацыі ад кампаніі пра небясьпеку COVID-19, з фармальнай забаронай усім супрацоўнікам наведваць офіс бяз крайняй службовай неабходнасьці, я быў абавязаны кожны дзень езьдзіць на працу ў офіс. Трэба дадаць, што я ў зоне рызыкі. Мне ўжо больш за 50», — кажа Ўладзімер.

Перадачы ў ізалятар у Баранавічах прымалі раз на тыдзень, у працоўны час. Уладзімеру было важна завезьці жонцы ваду, лекі. Але, паводле яго, кіраўніцтва не дазваляла яму гэта зрабіць у працоўны час.

Узнагароды Ўладзімера Дзядова, былога мэнэджара кампаніі Huawei.

«Тым-лідэр, выслухаўшы, куды я мушу паехаць і зь якой мэтай, заявіла, што я нікуды не паеду і што гэта быццам бы рашэньне намесьніка дырэктара кампаніі, спадара Сі Хун’і (Xi Hongyi). Я пайшоў да яго. Я расказаў спадару Сі Хунʼі, што жонка ў турме, ні ў чым не парушыўшы закон. Ёй могуць не даваць пітной вады, ёй трэба рэгулярна прымаць лекі, якія мне трэба ёй перадаць. Ён сказаў, што праца павінна быць важнейшая за асабістае. Больш як за 10 гадоў працы ў гэтай кампаніі я лічыў, што такі падыход кіраўніка ў Huawei немагчымы. Хутчэй за ўсё, зь ім добра папрацавалі наконт мяне мае беларускія нядобразычліўцы, хутчэй — адна нядобразычліўка. У выніку мы дамовіліся, што я завязу перадачу і пасьля адпрацую», — расказаў Уладзімер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Бабруйску, асуджаны за абразу Лукашэнкі, выехаў зь Беларусі

«Казаў на гутарцы, што звольнены „за палітыку“»

Уладзімер распавядае, што за месяц да сканчэньня кантракту, у ліпені 2021 году, яму паведамілі, што хоць кампанія яго і шануе, але загадае кампаніі Ancor не працягваць ягоны кантракт.

«На той момант у нашай сям’і была складаная сытуацыя. Жонка з сынам вясной зьехалі ў Польшчу, бо ім небясьпечна было заставацца ў Беларусі. У Польшчы Сьвятлане цяжка было знайсьці працу. Каб працаваць псыхолягам, трэба ведаць мову на ўзроўні роднай. Яна перабівалася часовымі заробкамі. Працавала швачкай. Таму маё звальненьне яшчэ больш пагоршыла сытуацыю», — кажа Ўладзімер.

Уладзімер пачаў шукаць працу. Спачатку здавалася, што некаторыя кампаніі былі зацікаўленыя.

«Я два тыдні рабіў такі экспэрымэнт — на гутарках казаў, што звольнены з прычыны дыскрымінацыі і, хутчэй за ўсё, з палітычных матываў. Ці з гэтай прычыны, ці з прычыны ўзросту — але пасьля такіх размоваў я працу не атрымліваў, хоць было відавочна, што большасьць тых, хто праводзіў гутарку, ставіліся да мяне з павагай і давалі зразумець, што ў мяне нядрэнныя шанцы», — расказвае ён.

Кот Уладзімера Дзядова Сьціф, якога вывезьлі з сабой зь Беларусі ў Польшчу

Уладзімер ведае, што спэцыяльнасьць лягіста ў Беларусі запатрабаваная. Да таго ж ён добрае валодае ангельскай, гішпанскай і польскай мовамі, мае шырокі працоўны досьвед, у тым ліку ў сусьветна вядомай кампаніі.

«У выніку вырашыў паехаць да сям’і і шукаць працу ўжо там, — кажа Ўладзімер. — Узяў нашага ката пароды „менская гаражная“, зрабіў яму неабходныя прышчэпкі ды „эўрапейскі пашпарт“. Зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. Пакуль што рана гаварыць пра посьпехі, бо гэта толькі пачатак. Але мы тут хоць у бясьпецы і разам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі мастацтва не было такое важнае, як у моманты найбольш цёмных рэпрэсій». Свабодны тэатар пераяжджае ў Польшчу

«Мы паводзілі сябе так, як мусілі паводзіць сябе сумленныя людзі»

Сам Уладзімер сваё звальненьне называе палітычна матываваным. Але і лічыць яго выключэньнем.

«Ня думаю, што ўлады ціснулі на кампанію празь мяне. На пратэстах я не засьвяціўся. Сумняваюся, што ўлады сталі б ствараць канфліктную сытуацыю яшчэ і з кітайскай кампаніяй. Гэта больш падобна да інтрыгаў „ябацек“, якія спадцішка даводзяць кіраўніцтву, што ад мяне лепей пазбавіцца. Іншымі словамі, выглядае так, што „ябацькі“ скарысталіся палітычнымі рэпрэсіямі, каб пазбавіцца ад мяне», — разважае Ўладзімер.

Іншага матыву, каб патлумачыць сваё звальненьне, Уладзімер не знаходзіць. Кажа, што працаваў сумленна, быў на добрым рахунку.

«Факт застаецца фактам: супрацоўніка панізілі пасьля 10 гадоў сумленнай працы. Потым стваралі ўмовы, каб звольніўся сам. На працягу году ня звольніўся — замянілі маладзейшым супрацоўнікам, які гэтай працай раней не займаўся. Гэта, дарэчы, супярэчыць дэкляраванай кампаніяй палітыцы адносна пэрсаналу, які даўно працуе. Звычайна такія супрацоўнікі карыстаюцца асаблівай пашанай. На словах да мяне стаўленьне быццам бы такім і было. На справе — вось так, як я кажу», — дадаў былы мэнэджар.

Уладзімер не шкадуе, што ў свой час сям’я заняла такую прынцыповую пазыцыю.

«Мы паводзілі сябе так, як павінны паводзіць сябе сумленныя людзі, вось і ўсё. Бачыце нахабства і несправядлівасьць — трэба рэагаваць. Правільна ці няправільна, з памылкамі ці без, але гэта лепей, чым не рабіць нічога і шкадаваць, што нічога зрабіць нават не імкнуліся, — тлумачыць ён. — Так што шкадаваць нам няма пра што. Мы яшчэ лічым, што нам пашанцавала, бо ўсе засталіся жывыя і на волі».

Але пра ад’езд зь Беларусі Дзядовы шкадуюць:

«Матэрыяльна мы жылі ў Беларусі таксама значна лепей, чым цяпер у Польшчы. Там была праца з добрым заробкам, а ў Сьвятланы — свой улюбёны занятак, — кажа Ўладзімер. — Польшча — вельмі блізкая нам па культуры і мове краіна з прыязнымі людзьмі. Ці вернемся ў Беларусь — вельмі б хацелася. Але як павернецца лёс — ніхто ня ведае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябар загінулага ў калёніі Вітольда Ашурка расказаў пра ад'езд зь Беларусі. Відэа
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паехаў безь сям’і, бо ў аднаго надзея на вяртаньне мацнейшая». Звольнены ў Беларусі доктар апавядае пра жыцьцё і працу ў Кіеве