«На сёньня на разгорнутай вытворчасьці усталявалі тры лініі, якія дазваляюць рабіць дрот тыпу „Єгоза“ і сетку Рабіца. Таксама стварылі неабходны штат групы забесьпячэньня, які працуе пазьменна. Агульныя патрэбы Дзяржаўнай памежнай службы ў гэтай прадукцыі дастаткова вялікія, таму мы пачалі вырабляць яе самастойна», — працытавала Сяргея Дайнэку прэсавая служба Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
Паводле яго, для ўсталяваньня на мяжы зь Беларусьсю ўжо адправілі 2 000 бухт дроту. Паводле стандартаў, вага адной такой бухты складае да адной тоны, у якой амаль 6,5 тысяч мэтраў.
Вытворчасьць адкрылі ў Галоўным цэнтры падрыхтоўкі асабістага складу памежнай службы ў Чаркаскай вобласьці.
Летась у лістападзе, пасьля міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай, урад Украіны выдзеліў з рэзэрвовага фонду 214 мільёнаў грыўняў (амаль 9 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і павелічэньне абароназдольнасьці краіны.
Большую частку сродкаў (175 мільёнаў грыўняў) атрымалі структуры Міністэрства ўнутраных справаў — Дзяржаўная памежная служба і Нацыянальная гвардыя, іншыя — Міністэрства абароны. Частку гэтых фінансаў накіравалі на закуп калючага дроту для ўсталяваньня на мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны тэрмінова выдзеліў грошы на ўзмацненьне ўкраінскай мяжы зь БеларусьсюШто папярэднічала
Пасьля пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай Украіна заявіла пра намер узмацніць ахову свайго ўчастку мяжы зь Беларусьсю. 10 лістапада 2021-га прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. На ёй вызначылі 10 найбольш імаверных участкаў мяжы, на якіх магчымае масавае знаходжаньне мігрантаў.
Адначасова Ўкраіна пачала праводзіць кансультацыі са сваімі замежнымі партнэрамі аб узмацненьні бясьпекі на межах сваёй краіны ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў паблізу і адначасовага міграцыйнага крызісу, створанага Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атрымае дапамогу краін Люблінскага трыкутніка і ЭЗ для ўзмацненьня сваіх межаўГенэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 15 лістапада 2021 году на брыфінгу ў Брусэлі па выніках сустрэчы зь міністрам замежных справаў Украіны Дзьмітром Кулебам заявіў, што міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO: міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе
19 лістапада 2021 году міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і эўрапейскіх краін у любы момант можа абвастрыцца. Ён паведаміў, што на ахову мяжы дадаткова накіраваныя 15 верталётаў, 2 самалёты, 44 дроны, а таксама рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі.
З 23 лістапада Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны супольна зь сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі і Ўзброенымі сіламі на мяжы зь Беларусьсю праводзяць спэцыяльную апэрацыю «Палесьсе», каб не дапусьціць перамяшчэньня мігрантаў на сваю тэрыторыю.