«Прадуктовыя санкцыі» супраць заходніх краін дзейнічаюць ужо 5 дзён. Што адбываецца ў крамах Менску. ФОТА

Сыр у менскай краме, 4 студзеня 2022 году

Пастанова Савету Міністраў «Аб прымяненьні спэцыяльных мераў у дачыненьні да асобных відаў тавараў» пачала дзейнічаць 1 студзеня.

Рашэньне ўвесьці «прадуктовыя санкцыі» супраць ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, краін Эўразьвязу і шэрагу іншых беларускія ўлады прынялі 6 сьнежня мінулага году ў якасьці адказу на пяты пакет санкцый у дачыненьні да іх саміх. Адпаведную пастанову ўраду апублікавалі на нацыянальным прававым партале.

Пад забарону падпалі сьвежае і замарожанае мяса, каўбасы і мясапрадукты, сыры, малако, шакаляд, кандытарскія вырабы, арэхі, садавіна з гароднінай і шэраг іншых прадуктаў. Прывозіць усё гэта ў Беларусь для асабістага спажываньня можна. Забарона тычыцца толькі тавару, прызначанага на продаж у гандлёвых сетках і выкарыстаньня ў рэстаранах і кавярнях.

Незалежныя эканамісты адрэагавалі на дзеяньні ўладаў прагнозам падвышэньня коштаў, зьяўленьня дэфіцыту і магчымасьцяў для росту карупцыі.

Кіраўнік беларускага ўраду Раман Галоўчанка перакананы, што беларусы не адчуюць ніякіх нэгатыўных наступстваў, а беларускія прадпрыемствы ад новай забароны толькі выйграюць. У 2021 годзе з краін, што падпалі пад санкцыі беларускага ўраду, у Беларусь увезьлі харчаваньня на суму больш за 550 мільёнаў даляраў.

Як расказалі Свабодзе жыхары Менску, пакуль «прадуктовыя санкцыі» аніяк не закранулі паліцы сталічных крамаў. Прадуктаў харчаваньня з краін Эўразьвязу на паліцах хапае.

«Усяго навалам, — расказала Свабодзе жыхарка Менску П. — Я была сёньня ў гіпэрмаркеце „Гіпа“ побач з домам, хадзіла па прадукты. На паліцах усё як і было. Ёсьць і шакаляд нямецкі, і садавіна з гароднінай з Эўразьвязу. Ніякіх пераменаў».

Шакаляд у менскай краме, 4 студзеня 2022 году

Авакада ў менскай краме, 4 студзеня 2022 году

Ківі і гранаты ў менскай краме, 4 студзеня 2022 году

На фатаздымках, якія даслалі ў рэдакцыю Свабоды чытачы, можна пабачыць таксама забароненыя для ўвозу ў Беларусь мясныя вырабы з Францыі і Гішпаніі, швайцарскі шакаляд, фісташкі з ЗША, галяндзкае печыва, італьянскія і дацкія сыры, яблыкі з Грэцыі і апэльсіны з Гішпаніі.

Яблыкі з Грэцыі, апельсіны з Гішпаніі, менская крама, 4 студзеня 2022 году

Фісташкі з ЗША, менская крама, 4 студзеня 2022 году

Швайцарскі шакаляд, менская крама, 4 студзеня 2022 году

Галяндзкае печыва, менская крама, 4 студзеня 2022 году

Мясныя вырабы з Францыі і Гішпаніі, менская крама, 4 студзеня 2022 году

Аліўкавы алей, менская крама, 4 студзеня 2022 году

Заходнія прадукты пакуль ёсьць ня толькі ў вялікіх сеткавых крамах. Як расказаў Свабодзе яшчэ адзін жыхар Менску, «санкцыйную» садавіну і гародніну можна набыць і ў невялікіх крамах па мікрараёнах.

«Набываў сёньня мандарыны гішпанскія, бачыў іншыя прадукты з краін Эўразьвязу таксама, — расказаў мянчук К. — Ніякіх пераменаў у тым, што на паліцах ляжыць, не заўважыў. Спытаў адмыслова ў прадавачкі, ці не апошнія мандарыны купляю. Адказала, што пра забарону нічога ня ведае, а садавіну і гародніну прывезьлі ў краму раніцай».

Суразмоўца дадаў, што ў іншых крамах прадавачкі спаслаліся на складзкія запасы. Паводле пастановы ўраду, забарона на ўвоз некаторых відаў харчаваньня ў Беларусь з ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, краін Эўразьвязу і шэрагу іншых, а таксама на гандаль імі, ня дзейнічае на прадукты, прывезеныя з-за мяжы да 1 студзеня 2022 году. Таму яшчэ нейкі час заходнія прадукты дакладна можна будзе знайсьці на паліцах беларускіх крамаў.