Суд над Івуліным — 17 студзеня
17 студзеня ў судзе Савецкага раёну Менску адбудзецца паседжаньне ў справе 29-гадовага журналіста, блогера і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна, піша «Трыбуна», дзе Івулін працаваў да арышту.
Аляксандра затрымалі 3 чэрвеня. 4 чэрвеня яго асудзілі ў адміністрацыйнай справе (арт. 24.23 КаАП) на 30 дзён арышту.
У ліпені журналісту выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэньне працы транспарту» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). У сьнежні справу Івуліна перадалі ў суд. Яму пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартовага журналіста Аляксандра Івуліна абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаўТацяна Ласіца расказала, як адзначыла Дзень нараджэньня за кратамі
Палітзьняволеная праваабаронца Тацяна Ласіца, якую асудзілі на 2,5 года калёніі, у лісьце на волю падзякавала за віншаваньні з днём народзінаў і Новым годам:
«Вялікі дзякуй за вашыя паштоўкі, усе я іх атрымала. Дзякуй за вашую падтрымку і заўсёды цёплыя словы, за вашую шчырасьць і дабрыню. Мне вельмі прыемна, гэта грэе душу. Не хвалюйцеся, у мяне ўсё добра. Дзень нараджэньня сустракала добра: былі і торт, і цукеркі, і салодкая вада, гарбата ды іншае. У мяне добрыя сябры, цудоўная сям’я, мой кот! Усе яны любяць і чакаюць мяне. Я таксама іх усіх вельмі люблю і спадзяюся, што ўсё будзе добра».
Тацяну Ласіцу асудзілі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучаньне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 2 арт. 342 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матэрыялы Праваабарончага цэнтру «Вясна» прызналі экстрэмісцкіміПапраўчая калёнія ў Наваполацку, дзе цяпер дзясяткі палітвязьняў, арганізуе анлайн-спатканьні вязьняў зь дзецьмі
Як паведамляецца на сайце горада, цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма Наваполацка дамовілася з папраўчай калёніяй № 1 аб стварэньні сацыяльнага праекту, які дапаможа падтрымліваць сувязь сем’яў з асуджанымі сваякамі, піша «Вясна». Па словах дырактаркі ЦБС Наваполацку Марыі Караваевай, у калёніі ўжо прайшло першае спатканьне па відэасувязі і ў будучыні плянуецца працягваць гэтую практыку.
У наваполацкай ПК-1 адбываюць пакараньне дзясяткі палітзьняволеных, якія, дзякуючы гэтыму праэкту, змогуць пабачыць сваіх дзетак. Але інструкцыі, як скарыстацца гэтай магчымасьцю, на сайце няма. Верагодна, інфармацыю сваякі могуць атрымаць праз адміністрацыю калёніі.