Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў указ пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў Алма-Аты і Мангыстаўскай вобласьці.
У Нур-Султане людзі маршам прайшлі па горадзе. Яны выкрыквалі лёзунг «Стары, сыходзь!» з заклікам да колішняга прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева пакінуць палітыку.
У адказ улады ўвялі ў горад вайсковыя часткі і падразьдзяленьні спэцназу, якія ўжылі супраць пратэстоўцаў газ і сьвятлашумавыя гранаты. Нягледзячы на гэта пратэстоўцы не разыходзяцца, спрабуючы заняць цэнтральную плошчу горада. Аб колькасьці пацярпелых і затрыманых дакладнай інфармацыі няма.
У Алматы затрыманыя больш за 200 чалавек. У горадзе перакрылі цэнтральную плошчу — туды не пускаюць пешаходаў і аўтатранспарт, выставілі паліцэйскае ачапленьне, паведамлялася пра перабоі ў працы інтэрнэту.
Сотні людзей застаюцца на вуліцах Караганды, туды пад'яжджае тэхніка з паліцыяй і нацгвардыяй.
У горадзе Актэбэ на паўночным захадзе краіны кіроўцы аўтамабіляў на звадкаваным газе прарвалі паліцэйскае ачапленьне і прайшлі да будынку гарадзкой адміністрацыі. Пратэстоўцы запатрабавалі зьніжэньня цэнаў на газ са 120 да 50 тэнге і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.
На пачатку акцыі кіроўцы ехалі на машынах. Дарогу ім заблякавала паліцыя. Пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі пакінулі свае аўтамабілі і пайшлі па дарозе пешшу, прарваўшы агароджу і заклікаючы прахожых далучыцца да пратэсту.
Пратэсты ў Казахстане пачаліся некалькі дзён таму ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене побач з Касьпійскім морам — пасьля рэзкага павышэньня цаны на звадкаваны газ, якім у рэгіёне запраўляюць большасьць аўтамабіляў.
На вуліцу выйшлі сотні мясцовых жыхароў. Ноч яны правялі на гарадзкой плошчы, 3 студзеня там сабралася ўжо больш за тысячу чалавек. Таксама на плошчы правялі ноч сотні пратэстоўцаў у горадзе Актаў.
Урадавая камісія, якая прыбыла ў Актаў, у аўторак абвясьціла пра зьніжэньне цаны на звадкаваны газ у Мангыстаўскай вобласьці (дзе Актаў і Жанаэзен) больш як у 2 разы. Чыноўнікі таксама далі пратэстоўцам гарантыі, што іх не прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у няўзгодненых мітынгах. Як паведамляе казаская служба Радыё Свабода, пратэстоўцы не сыходзяць з плошчы, бо ня ўсе іх патрабаваньні выкананыя.