На пахаваньне, паводле жыхаркі Рэчыцы (імя мы не называем у мэтах бясьпекі. — РС), сабраліся каля сотні чалавек. Разьвітваліся ў мікрараёне «Рытм», дзе жыў Дзьмітрый.
«Маці выйшла з падʼезду са здымкам Дзімы ў руках і зьвярнулася да прысутных з такімі словамі, што яе сына забілі і што ёй ужо нічога ня страшна, бо забралі самае дарагое — то чаго баяцца? Маці сказала, што яе сына забіў рэжым, і ў яе ўсё акамянела ўнутры», — расказала жыхарка Рэчыцы.
Паводле яе, Алена, маці Дзьмітрыя, расказала прысутным, што сын ехаў да яе сустракаць Новы год. «Маці сказала каля труны, што яна не апазыцыя і што Дзіма таксама ні ў чым ня ўдзельнічаў. Але яна сказала, што колькі яшчэ будуць забіваць нашых дзяцей?» — перадае словы маці жыхарка Рэчыцы.
Труну паставілі каля пад’езду, каб усе, хто хоча, маглі разьвітацца. «Маці абурылася, што яе сына абвінавацілі МУС і СК, быццам ён набываў „закладкі“ з псыхатропнымі рэчывамі. Маці сказала, што ён у таты прасіў перад Новым годам два з паловай рублі — на працу трэба было аднесьці. Таксама маці паказала гематомы на галаве сына, рукі зь сінякамі. Гэта трагедыя не адной сям’і», — кажа жыхарка Рэчыцы.
Яна кажа, што сьмерць Дзьмітрыя выклікала вялікі рэзананс у Рэчыцы. Некаторыя зусім ня вераць міліцыі. Тыя ж, хто верыць вэрсіі пра алькаголь і наркотыкі, таксама кажуць, што варта было выклікаць «хуткую» ці «садзіць у „малпятнік“» — але разьбірацца па законе.
«Так ці інакш, але ўсе салідарныя ў тым, што меры былі няправільныя і неадэкватныя, і яны каштавалі жыцьця чалавеку», — дадала жыхарка Рэчыцы.
Паводле яе, маці Дзьмітрыя прасіла не забываць яе сына і прыяжджаць да яго на магілу.
Раніцай у Рэчыцы затрымалі мясцовых жыхароў — сяброў Дзьмітрыя Ўсхопава. Праваабаронцам вядома пра чатырох затрыманых. Таксама раніцай каля свайго дома былі затрыманыя муж і жонка Давыдковы — Аляксей і Ганна. Дзе яны і што зь імі, сваякі ня ведаюць дагэтуль.
Увечары тэлеграм-канал МУС заявіў, што знаёмыя памерлага маюць дачыненьне да незаконнага абароту наркотыкаў. «У выніку правядзеньня санкцыянаваных ператрусаў у гаражы і па месцы жыхарства 27-гадовага і 28-гадовага гараджан выяўлена каля кіляграма марыхуаны», — гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі часта гінуць у дзяжурных частках». Згадваем выпадкі сьмерцяў беларусаў пасьля канфліктаў зь міліцыяй