Праваабаронцам дакладна вядома пра чацьвярых затрыманых у Рэчыцы блізкіх сяброў Дзьмітрыя Ўсхопава, піша «Палеская Вясна».
Сёньня, 4 студзеня, у Рэчыцы мае адбыцца пахаваньне Дзьмітрыя Ўсхопава, які загінуў пасьля затрыманьня міліцыяй у навагоднюю ноч.
На цяперашні момант пацьверджаная інфармацыя пра затрыманьне самых блізкіх сяброў Дзьмітрыя, якія меліся прыйсьці на пахаваньне. Гэта Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандар Снабкоў ды Ільля Бракарэнка. Іх чакалі на пахаваньні, у тым ліку для дапамогі, але яны раніцай ня выйшлі на сувязь. Пазьней іхныя родзічы паведамілі, што іх затрымалі.
Таксама цяпер адсутнічае сувязь яшчэ зь некалькімі блізкімі сябрамі з кола зносінаў Дзьмітрыя Ўсхопава. Але іх затрыманьне пакуль няма каму пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць. Інфармацыя пра іхны лёс высьвятляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Рэчыцы памёр у навагоднюю ноч ад траўмаў. Маці: забіла міліцыя. СК: стала «блага» ў пастарункуУ навагоднюю ноч у рэчыцкім шпіталі канстатавалі сьмерць 27-гадовага Дзьмітрыя Ўсхопава. Сваякі расказалі журналістам, што Дзьмітрыя затрымала міліцыя і пабіла. Сьледчы камітэт распаўсюдзіў заяву, што «сьмерць ня носіць траўматычнага характару».
«Дзімку даставілі ў РАУС. Там або дапытвалі і білі, або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнэўматыкі, я дакладна ня ведаю, — расказала пасьля здарэньня журналістам сястра загінулага. — Ён страціў прытомнасьць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, нацельная саколка разарваная. У аддзяленьні ЦРБ яго прынялі ў стане комы.
Па словах тэрапэўта, спрабавалі яшчэ рэанімаваць адрэналінам і масажам сэрца, але час быў страчаны. Адправілі ў морг, а раніцай 01.01.2022 зрабілі па лжывай пастанове сьледчага тэрміновае ўскрыцьцё. У морг не пускалі. Прыехаў начальнік аддзяленьня судмэдэкспэртызы і выклікалі сьледчага, нам паказалі цела. На запясьцях рук і каленках відаць сінякі, на галаве круглая рана. Яму рабілі ўскрыцьцё чэрапна-мазгавой каробкі і брушной паражніны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад такой ступені ап’яненьня не паміраюць». Паталягаанатам і сястра загінулага Дзьмітрыя Ўсхопава пра магчымыя абставіны яго сьмерціПаводле Сьледчага камітэту, затрыманага даставілі ў Рэчыцкі РАУС, потым у межах адміністрацыйнага працэсу павезьлі на мэдагляд у раённую лякарню. Пры пад’езьдзе да мэдычнае ўстановы Ўсхопаву стала кепска. Яго экстрана даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыю, але нягледзячы на намаганьні лекараў, у 1:20 канстатаваная сьмерць.
Таксама ў СК заявілі, што загінулы Дзьмітры Ўсхопаў меў у крыві 4,3 праміле алькаголю і наркатычнае рэчыва — марыхуану.
Прадстаўнік МУС падчас прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня заявіў, што «супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам», але па факце сьмерці праводзіцца праверка, прызначаныя неабходныя экспэртызы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт заявіў, што загінулы Дзьмітры Ўсхопаў меў у крыві шмат алькаголю і наркатычнае рэчыва ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі часта гінуць у дзяжурных частках». Згадваем выпадкі сьмерцяў беларусаў пасьля канфліктаў зь міліцыяй