Сайт Саюза палякаў, тэлеграм-каналы «Армия с народом» і «КГБ с народом» прызналі экстрэмісцкімі

Ілюстрацыйнае фота

Таксама экстрэмісцкімі матэрыяламі беларускія ўлады прызналі і інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-чату «Армия с народом».

Рашэньне аб тэлеграм-каналах і чатах прыняў Кастрычніцкі суд Віцебску 27 сьнежня, паведамляе «Вясна».

Летась у траўні вынесьлі прысуды фігурантам справы тэлеграм-канала «Армия с народом». Тады судзьдзя Сяргей Епіхаў прысудзіў:

  • Антаніне Канавалавай — 5,5 года калоніі агульнага режыму;
  • Сяргею Ярашэвічу — 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Сяргею Коршуну, Яўгену Прывалаву — 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Сяргею Спарышу — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: у сужэнцаў Ярашэвіча і Канавалавай пагоршыўся зрок, у Баярскага кашаль не спыняецца чацьвёрты месяц

Інфармацыйную прадукцыю сайту znadniemna.pl, парталу незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі таксама прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Рашэньне прыняў суд Ленінскага раёну Горадні 30 сьнежня. Сайт унесьлі ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, апублікаваны на сайце Мінінфармацыі, паведамляе reform.by.

Старшыня незарэгістраванага ў Беларусі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс і сябра аргнізацыі Андждэй Пачобут з сакавіка мінулага году знаходзяцца за кратамі ў «польскай справе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс ў СІЗА значна пагоршыўся стан здароўя

Таксама ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесьлі шэраг рэгіянальных тэлеграм-чатаў і тэлеграм-каналаў: «Чат Барановичи Свободные», «Барановичи_Южный-чат», «Барановичи Для Жизни Чат», «Барановичи Северо-Запад», «м-н Форты и те, кто рядом», «Барановичи Свободные», «By prosvet-самиздат Беларуси» и «Брестское время», а также сообщества в соцсети «ВКонтакте» «Вольный Брест» и «BRESTFANS98».

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.