2006 год, сьмерць Барыса Пархімчыка на тэрыторыі Партызанскага РУУС Менску
Жыхара Менску Барыса Пархімчыка затрымаў міліцэйскі патруль у канцы кастрычніка 2006 году ля дома, дзе ён жыў разам з жонкай і дачкой. Праваахоўнікі палічылі мужчыну п’яным і завезьлі ў мэдвыцьвярэзьнік (падзеі адбываліся яшчэ да масавага закрыцьця такіх установаў у Беларусі. — РС). Аднак пазьней, па вэрсіі саміх жа міліцыянтаў, адпусьцілі, бо ступень ап’яненьня была нізкая. Празь нейкі час труп Пархімчыка знайшлі ў яме для агляду службовых аўтамабіляў на тэрыторыі Партызанскага РУУС. Па вэрсіі судмэдэкспэрта, сьмерць Барыса Пархімчыка наступіла з прычыны чэрапна-мазгавой траўмы і пералому хрыбетніка. У крыві нябожчыка таксама выявілі вялікую дозу алькаголю.
Родныя Пархімчыка расказвалі журналісту «КП у Беларусі» Яўгену Валошыну, што ня вераць у афіцыйную вэрсію падзей. Па іх словах, на целе нябожчыка былі шматлікія пашкоджаньні, зламаны нос, а глыбіня ямы, дзе знайшлі цела Барыса Пархімчыка, — усяго 1,5 мэтра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт заявіў, што загінулы Дзьмітры Ўсхопаў меў у крыві шмат алькаголю і наркатычнае рэчыва«Я б, можа, і паверыў сам тады словам міліцыянтаў, — расказаў у размове са Свабодай журналіст Яўген Валошын. — Але атрымалася так, што я быў асабіста знаёмы з адным з прапаршчыкаў, якія тады затрымлівалі Пархімчыка. Яшчэ на практыцы, калі вучыўся на журфаку, трапіў рабіць рэпартаж у адзін патруль зь ім. А празь некалькі гадоў пасьля гэтага здарэньня так атрымалася, што я расклейваў афішы на тумбах у горадзе, і гэты прапаршчык выпадкова мяне затрымаў. Я добра бачыў мэтады, якімі ён карыстаўся ў працы. Ён не пазнаў мяне і гатовы быў там на месцы разарваць на кавалкі».
Валошын таксама расказвае, што ў 2006 годзе, калі адбывалася гэтая гісторыя, міліцыя яшчэ старалася паказаць сваю аб’ектыўнасьць. Журналіста пусьцілі на тэрыторыю РУУС і на меркаванае месца сьмерці Пархімчыка. Валошына нават прыняў асабіста намесьнік кіраўніка ГУУС Менгарвыканкаму, які пераконваў журналіста, што сам праверыў усіх супрацоўнікаў Партызанскага РУУС на прадмет магчымай датычнасьці да злачынства. Крымінальную справу ў выніку так і не распачалі, сьмерць Барыса Пархімчыка прызналі няшчасным выпадкам.
2009 год, забойства 22-гадовай дзяўчыны ў міліцэйскім аўтамабілі
У ноч з 6 на 7 ліпеня непадалёк ад вёскі Журавічы ў Рагачоўскім раёне капітан міліцыі стрэліў у галаву 22-гадовай дзяўчыне. Трагедыя адбылася ў міліцэйскім аўтамабілі, міліцыянт страляў з табэльнай зброі. Праз 10 дзён пасьля гэтага дзяўчына памерла ў шпіталі. Забойства адбылося на вачах шматлікіх сьведак, побач сьвяткавалі Купальле.
Судзілі міліцыянта на пачатку 2010 году ў Гомельскім абласным судзе. Ён сваю віну прызнаў часткова, разам з адвакатам сьцьвярджаў, што стрэл адбыўся выпадкова. Пракурор настойваў на наўмысным забойстве. У выніку суд пастанавіў пакараць міліцыянта 18 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама пазбавіць яго міліцэйскага званьня.
2013 год, сьмерць Ігара Пцічкіна ў камэры СІЗА-1 на «Валадарцы»
Жыхара Менску Ігара Пцічкіна зьмясьцілі ў СІЗА-1 адбываць трохмесячны арышт за кіраваньне аўтамабілем без правоў кіроўцы. За кратамі ён у выніку прабыў усяго некалькі дзён. Цела родным Пцічкіна выдала адміністрацыя СІЗА з паведамленьнем, што сьмерць наступіла з прычыны вострай сардэчнай недастатковасьці. Тыя пабачылі на целе траўмы і зьвярнуліся да праваабаронцаў. Разгляду справы ў судзе яны змаглі дамагчыся толькі праз тры гады пасьля сьмерці Ігара Пцічкіна.
У выніку вінаватым у сьмерці прызналі фэльчара СІЗА, які нібыта прывязаў Пцічкіна падчас наркатычнай «ломкі» да ложка і пакінуў яго аднаго. Фэльчар атрымаў тры гады калёніі-пасяленьня. Яго судзілі за неналежнае выкананьне службовых паўнамоцтваў, якія сталі прычынай сьмерці чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сямʼя атрымала кампэнсацыю за жыцьцё Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗАСьледчы камітэт, куды з заявамі зьвярталася маці загінулага Жанна Пцічкіна, некалькі разоў спыняў праверкі па факце яго сьмерці. Дамагчыся суду родныя загінулага змаглі толькі пасьля звароту ў Генэральную пракуратуру.
2019 год, сьмерць жыхара Нясьвіскага раёну ад павешаньня ў міліцэйскім «уазіку»
Жыхар вёскі Слаўкава Нясьвіскага раёну, 48-гадовы Сяргей Абрамовіч, загінуў у міліцэйскім аўтамабілі ў канцы лістапада 2019 году. Паводле афіцыйнай вэрсіі — павесіўся на шнурках ад уласнага абутку пасьля затрыманьня, калі яго перавозілі ў РУУС Нясьвіжа. Родныя нябожчыка некалькі гадоў дамагаліся суду над міліцыянтамі, якія ў той вечар затрымлівалі Абрамовіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра мужчыны, які нібыта ўчыніў суіцыд у міліцэйскай машыне: «Яны вінаватыя, прыкрываюць сябе»«Сьлядоў ад вяроўкі я на целе брата не знайшла, — расказвала неўзабаве пасьля пахаваньня сястра нябожчыка Іна Русак. — Сьледчы прыехаў увечары, даказваў, што гэта ўсё брат сам. Даказвалі мне, званілі. Суіцыд. Шукалі запіску перадсьмяротную, але не знайшлі. Не было ніякай запіскі. Цяпер ідзе разбор, сьледчы пытаўся ў мяне, хто можа быць вінаваты ў сьмерці брата, якая мая думка. Я ім сказала, што вінаватая міліцыя... Зь левага боку на твары ў брата быў невялікі парэз. Патолягаанатам мне сказаў, што твар брата быў пашкоджаны, ён быў крыху пабіты. Перад пахаваньнем наносілі грым. Але ўсё адно быў шнар, каля сантымэтра. Але нават калі ён і сам павесіўся, няўжо ніхто нічога ня чуў? Усе глухія? Ніхто нічога ня чуў, ніхто ня бачыў. Міліцыянты мне сказалі, што згубілі яго з вачэй».
Неўзабаве пасьля здарэньня СК распачаў афіцыйную праверку выпадку. Аднак да крымінальнай справы так і не дайшло.
«Яны пакрываюць адзін аднаго»
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка ў размове са Свабодай кажа, што выпадкаў, калі грамадзяне Беларусі гінуць за кратамі або пасьля затрыманьняў, насамрэч нашмат больш, чым трапляе ў СМІ.
«Толькі малая частка зь іх, паводле нашых зьвестак, становіцца публічнай, — кажа Павал Сапелка. — Вельмі часта людзі гінуць у дзяжурных частках. Часта праз тое, што ім нясвоечасова аказваецца мэдычная дапамога падчас так званай белай гарачкі, зьвязанай з ужываньнем алькагольных напояў. Альбо выпадкі, зьвязаныя з ужываньнем наркотыкаў. Некалькі такіх выпадкаў займелі розгалас, у тым ліку дзякуючы таму, што родныя загінулых зьвярталіся да праваабаронцаў. Гэта выпадак Ігара Пцічкіна. Яшчэ раней была гісторыя ў Сьветлагорску, справа Аляксандра Акуліча, ён быў адміністратыўна арыштаваны. У нейкі момант у яго пачаўся прыступ, і супрацоўнікі ІЧУ пачалі яго біць, бо чалавек перастаў падпарадкоўвацца. Ён ужо не адказваў за свае ўчынкі. Яго падвешвалі кайданкамі да дзьвярэй і гэтак далей. Справа ў выніку скончылася нічым. Цяпер наш зварот аб гэтым выпадку знаходзіцца ў Камітэце па правах чалавека ААН».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы стварылі монстра». Як у Беларусі наладжвалі сыстэму катаваньняўПавал Сапелка таксама нагадвае пра выпадак Алега Багданава, які загінуў у жодзінскай турме. Праваабаронцы дамагліся, каб распачалі крымінальную справу, але яе хутка закрылі. На думку юрыста «Вясны», супрацоўнікі праваахоўных органаў у такіх выпадках часта прыкрываюць адзін аднаго.
«Можна пачаць з таго, што ў нас усе месцы пазбаўленьня волі знаходзяцца пад кантролем МУС, — кажа Павал Сапелка. — І ў прынцыпе ніякага грамадзянскага кантролю за іх дзейнасьцю, за ўсімі ўнутранымі працэсамі не ажыцьцяўляецца. Калі Сьледчы камітэт пачынае праверку кожнага факта, то мы разумеем, што фармальна гэта розныя ведамствы. Але гэтыя людзі ж часта вучацца ў адных і тых жа ўстановах. А часта яны і працуюць у адным будынку, хоць іх цяпер стараюцца разводзіць. Яны часта на адны і тыя ж сьледчыя дзеяньні езьдзяць. Магчыма, нават у адных і тых жа аўтамабілях. Усё гэта адбываецца ў вузкім коле».
Сапелка нагадвае пра пазыцыю Камітэту па правах чалавека ААН. Паводле камітэту, расьсьледаваньнем катаваньняў і фактаў гібелі зьняволеных павінны займацца адасобленыя сьледчыя структуры — менш залежныя ад карпаратыўных інтарэсаў.
Стрэлы ў навагоднюю ноч, загінулыя падчас пратэстаў
Гэта ня поўны пералік выпадкаў, калі ў Беларусі людзі гінулі ці атрымлівалі траўмы пасьля сустрэчы зь міліцыяй. Адно такое здарэньне адбылося таксама ў навагоднюю ноч, 1 студзеня 2017 году. Тады супрацоўнік міліцыі ў Менску пачаў страляць у няўзброенага чалавека, Андрэя Гаўроша, проста ў пад’езьдзе жылога дому, цяжка яго параніўшы. Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай стрэлаў стаў напад на міліцыянта, які прыбыў на месца пасьля скаргі суседзяў на гучную музыку. Родныя пацярпелага і сам Гаўрош на судзе адмаўлялі факт нападу на міліцыянта.
Крымінальную справу ў выніку распачалі па факце супраціўленьня супрацоўніку міліцыі, які ахоўвае грамадзкі парадак. Гаўроша прызналі вінаватым і прысудзілі яму пяць гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пяць гадоў «хатняй хіміі» асудзілі параненага міліцыянтам хлопцаПасьля пачатку масавых пратэстаў летам 2020 году ў Беларусі як мінімум тры затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў скончыліся іх сьмерцямі. Так загінулі жыхар Гомля Аляксандар Віхор, маладачанец Мікіта Крыўцоў і мянчук Раман Бандарэнка. Родным усіх іх адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Вінаватых да адказнасьці не прыцягнулі. Не да канца зразумелымі застаюцца і абставіны сьмерці Андрэя Зельцара, застрэленага праваахоўнікамі падчас затрыманьня ва ўласнай кватэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На магіле памерлага пасьля разгону пратэстаў Аляксандра Віхора паставілі помнік ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт: Мікіта Крыўцоў скончыў жыцьцё самагубствам, крымінальнай справы ня будзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вуліцу ў Вашынгтоне, дзе знаходзіцца амбасада Беларусі, прапанавалі назваць імем Рамана Бандарэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удаву Андрэя Зельцара і яшчэ 4 чалавек прызналі палітвязьнямі