Сьледчы камітэт (СК) паведаміў, што канцэнтрацыя этылевага сьпірту ў крыві Дзьмітрыя Ўсхопава, які памёр у навагоднюю ноч у шпіталі ў Рэчыцы, склала 4,3 праміле.
Такая канцэнтрацыя адпавядае больш як бутэльцы гарэлкі. Пры Ўсхопаву, паводле вэрсіі СК, знайшлі пакецік з марыхуанай. «Аналягічнае рэчыва» нібыта выяўлена і ў мачы нябожчыка, а пры аглядзе яго мабільнага тэлефона знайшлі перапіску з інтэрнэт-крамай наркотыкаў.
«Устаноўлена, што малады чалавек зьяўляўся фігурантам крымінальнай справы аб прычыненьні цялесных пашкоджаньняў, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці», — заявіў СК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад такой ступені ап’яненьня не паміраюць». Паталягаанатам і сястра загінулага Дзьмітрыя Ўсхопава пра магчымыя абставіны яго сьмерці- У навагоднюю ноч у рэчыцкім шпіталі канстатавалі сьмерць 27-гадовага Дзьмітрыя Ўсхопава. Сваякі расказалі журналістам, што Дзьмітрыя затрымала міліцыя і пабіла. Сьледчы камітэт распаўсюдзіў заяву, што «сьмерць ня носіць траўматычнага характару».
- «Дзімку даставілі ў РАУС. Там або дапытвалі і білі, або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнэўматыкі, я дакладна ня ведаю, — расказала журналістам сястра загінулага. — Ён страціў прытомнасьць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, нацельная саколка разарваная. У аддзяленьні ЦРБ яго прынялі ў стане комы.
- Па словах тэрапэўта, спрабавалі яшчэ рэанімаваць адрэналінам і масажам сэрца, але час быў страчаны. Адправілі ў морг, а раніцай 01.01.2022 зрабілі па лжывай пастанове сьледчага тэрміновае ўскрыцьцё. У морг не пускалі. Прыехаў начальнік аддзяленьня судмэдэкспэртызы і выклікалі сьледчага, нам паказалі цела. На запясьцях рук і каленках відаць сінякі, на галаве круглая рана. Яму рабілі ўскрыцьцё чэрапна-мазгавой каробкі і брушной паражніны».
- Паводле Сьледчага камітэту, затрыманага даставілі ў Рэчыцкі РАУС, затым у межах адміністрацыйнага працэсу павезьлі на мэдагляд у раённую лякарню. Пры пад’езьдзе да мэдычнае ўстановы Ўсхопаву стала кепска. Яго экстрана даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыю. Нягледзячы на намаганьні лекараў, у 1:20 канстатаваная сьмерць, паведамляе СК.
- «Грамадзянін аказаў непадпарадкаваньне супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. У цяперашні час па факце сьмерці грамадзяніна падразьдзяленьнем СК праводзіцца праверка, прызначаныя неабходныя экспэртызы», — так пракамэнтаваў сьмерць Дзьмітрыя Ўсхопава начальнік управы аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Купчэня падчас прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня.
- Паводле сайту MOTOLKO.help, Дзьмітры Ўсхопаў займаўся футболам, вучыўся ў менскай школе алімпійскага рэзэрву «Дынама-Менск» і прайшоў службу ў войску. Паводле фатаграфій са службы ў войску можна здагадвацца, што Ўсхопаў мог служыць у пэрыяд 2018-2019 гг. у 5-й асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня, якая базуецца ў Мар’інай Горцы. Пасьля арміі Ўсхопаў працаваў ва УП «Гомельаблгаз». У яго засталася 5-гадовая дачка.
- Сайт MOTOLKO.help зьняпраўджвае сьцьвярджэньні Сьледчага камітэту, што Ўсхопаў неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Паводле сайту, ва Ўсхопава быў толькі штраф за пераход дарогі ў неналежным месцы.