Абодвух пакаралі пазбаўленьнем волі на 3 гады.
Крымінальная справа датычыцца падзей 20 верасьня 2020 году. Тады жыхары Гомля выйшлі на марш, які скончыўся разгонам і затрыманьнямі. Калі ўдзельнікі маршу ішлі па праспэкце Перамогі і дайшлі да вуліцы Савецкай, ім дарогу перагарадзіў АМАП. Людзі пабаяліся затрыманьняў і пабеглі на другі бок вуліцы Савецкай. Гэта сьледзтва расцаніла як «блякаваньне дарогі», хоць людзі беглі на зялёнае сьвятло.
Станіслаў Мачалаў у апошнім слове зазначыў, што перакрыцьцё праезнай часткі — вынік дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі. «Натоўп неаднаразова перасякаў дарогу на зялёны сыгнал сьвятлафора. Меркаваць, што людзі раптам вырашаць перакрыць Савецкую, не было ніякіх падставаў», — сказаў абвінавачаны.
Сьледзтва апісала ягоныя дзеяньні наступным чынам: «стаяў у баявой стойцы» як «пагроза гвалту супрацоўнікам міліцыі». «Раз мяне трактуюць як злачынцу, то я скажу: калі вакол б’юць і хапаюць людзей, чалавек можа спалохацца і стаць у абарончую стойку. Але ніякага кантакту, сутыкненьня не было. Адпаведна, не было і ніякага злачынства», — падкрэсьліў Мачалаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі лжыва сьведчыце, не адчуваеце маральных пакутаў?» Пракурор просіць для гамельчукоў па тры гады калёніі. Прысуд абвесьцяць 3 студзеняДзьмітры Грышчанка ў сваім апошнім слове заявіў, што бачыць у высновах сьледзтва цэлы шэраг нестыковак і лічыць, што яны заснаваныя на здагадках. Ён лічыць, што для суду былі адабраныя толькі тыя відэаматэрыялы, якія выгадныя баку абвінавачаньня.
«Чаму падчас працэсу не прагучала адказу на пытаньне, чаму я наогул у той дзень выйшаў на мітынг? Чаму ў нас ня створаныя ўмовы, калі людзі могуць законна выказаць сваю пазыцыю?
Я галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, быў на яе дазволеным перадвыбарным мітынгу, і ўсё было добра. Я не адмаўляю ўдзелу яшчэ ў адным мітынгу, акрамя таго, які адбыўся 20 верасьня. У тым мітынгу ўдзельнічала ня менш за 10 тысяч чалавек. Тады дзеяньням удзельнікаў маршу ніхто не перашкаджаў і быў абсалютны парадак. Людзі ня білі вітрынаў, ня сьмецілі, не зьдзяйсьнялі нічога супрацьпраўнага, нават калі яны праходзілі міма будынка аблвыканкаму. Навошта на наступны дзень там выставілі ачапленьне? Чаму, калі ў жніўні і верасьні былі акцыі прыхільнікаў улады, іх ніхто не разганяў?», — задаў пытаньні ў апошнім слове абвінавачаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня АГП Казлоў перад арыштам: Сорамна за судовую сыстэмуДзьмітры нагадаў суду справу «Саюзу вызваленьня Беларусі» 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя і тое, што Міхась Чарот заўважыў: «Суровы прысуд падпісваю першым», а потым быў расстраляны. «Шкада, што цяпер для кагосьці Сталін, Яжоў і іншыя фігуры той эпохі могуць быць узорам», — дадаў абвінавачаны.
Пасьля прысуду ён сказаў: «Час усё расставіць на свае месцы. Жыве Беларусь!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест беларушчыны — сьмерць і тэрор. Як нацыянальныя дзеячы паверылі бальшавікам і што з гэтага выйшла