Жыхары казаскага гораду перакрылі дарогу, пратэстуючы супраць падаражаньня газу

Пратэстоўцы перакрываюць вуліцу ў Жанаазэне

Сотні жыхароў Жанаазэну, гораду нафтавікоў у Мангістаўскай вобласьці Казахстану, выйшлі 2 студзеня да будынка акімату з пратэстам супраць павышэньня цэнаў на газ.

У горадзе, дзе большасьць аўтамабіляў запраўляецца якраз газам, пратэстоўцы перакрылі рух аўтатранспарту на дарозе ў цэнтры.

Грамадзкі актывіст Сэрык Бактыбаюлы агучыў патрабаваньні жанаазэнцаў: зьнізіць цану на літар газу да 50 тэнге ($0,11), прытым што з новага году цана вырасла да 120 тэнге ($0,27). Летась адбылося адразу некалькі падаражаньняў, пазалетась цана на газ складала 55 тэнге за літар.

На мітынг выйшлі таксама і людзі, якія ня маюць машын — яны асьцерагаюцца, што рэзкае павышэньне цаны на газ пацягне і падаражаньне тавараў шырокага спажываньня. Пратэсты 2 студзеня падтрымалі і жыхары некалькіх сёлаў рэгіёну. Папярэдні пратэст жанаазэнцаў супраць павышэньня цэнаў на газ адбыўся ў студзені 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казаскі дысыдэнт, які не прызнаў віны, выходзіць з калёніі праз 15 гадоў

Улады ў адказ на пратэсты заявілі, што цану на газ ня зьнізяць, бо павысіўся попыт на яго. У акімаце Мангістаўскай вобласьці нагадалі, што Казаскі газаперапрацоўчы завод — адзінае прадпрыемства ў рэгіёне, якое вырабляе газ. Аб’ёмы, якія ён выпрацоўвае (14,5 тысячы тон за месяц), не пакрываюць патрэб рэгіёну, праз гэта 3,5 тысячы тон пастаўляюцца з-за межаў вобласьці.

Пры гэтым, як адзначае кіраўнік упраўленьня энэргетыкі і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Мангістаўскай вобласьці Бердыбек Картбаеў, абсталяваньне на заводзе, які працуе з 1973 году, зношанае на 90%. А гэта азначае вялікую рызыку закрыцьця заводу ў будучыні і вялікі дэфіцыт газу ў рэгіёне.

Далёка па-за межамі Казахстану горад набыў вядомасьць праз трагедыю — у 2011 годзе там пачаўся шматмесячны страйк рабочых, якія патрабавалі паляпшэньня ўмоў працы. Страйк задушылі з прымяненьнем сілы, тады загінулі 17 чалавек. Кіраўніком краіны тады быў Нурсултан Назарбаеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі «Газпром» заявіў, што невінаваты ў дэфіцыце газу ў Заходняй Эўропе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль адказаў на патрабаваньні Расеі: «Паўночны паток – 2» не прыярытэт для ЭЗ