Расейскія ўлады могуць арганізаваць паездку Аляксандра Лукашэнкі ў акупаваны Крым «хоць цяпер», паведаміў расейскаму дзяржаўнаму агенцтву ТАСС намесьнік міністра замежных справаў Расеі Андрэй Рудэнка.
«Сапраўды, на пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы 4 лістапада прэзыдэнт Беларусі заявіў аб жаданьні наведаць Крым. Мы можам толькі вітаць гэты намер, як і наступныя заявы іншых прадстаўнікоў улады. (...) Крымскія ўлады неаднаразова заяўлялі пра гатоўнасьць прыняць яго хоць цяпер», — сказаў ён.
30 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «Крым дэ-факта і дэ-юрэ стаў расейскім» пасьля непрызнаньня ААН, ЭЗ, ЗША, Украінай і іх саюзьнікамі «крымскага рэфэрэндуму». Лукашэнка таксама заявіў, што мае намер наведаць Крым і мае дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Пры гэтым Лукашэнка ўдакладніў, што раней не прызнаваў анэксаваны Крым расейскім з прычыны Будапэшцкага мэмарандуму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік беларускай супольнасьці Крыму: на паўвостраве «ў найбліжэйшай будучыні» чакаюць дэлегацыю зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ва Ўкраіне заявіў, што пазыцыя Лукашэнкі наконт Крыму залежыць ад «дзеяньняў Кіева» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе, калі з Канстытуцыі прыбяруць тэзіс аб нэўтралітэце. Тлумачыць былы дыплямат