Чорны год Беларусі. Як улады спрабуюць вярнуць краіну ў часы таталітарызму

Ілюстрацыйнае фота. Беларускі АМАП

У Беларусі ладзіцца вялікі сацыяльны экспэрымэнт, спроба аднавіць таталітарную сыстэму ў эпоху інтэрнэту.

Сьцісла:

  • Шмат прагнозаў на 2021 год ня спраўдзіліся.
  • Мала хто чакаў такога маштабу палітычнага тэрору.
  • Улады звузілі задачу дзяржаўнага кіраваньня да элемэнтарнага інстынкту выжываньня. У выніку пачаўся працэс рэдукцыі дзяржавы да палітычнага рэжыму.
  • Робіцца спроба вярнуць краіну ў часы таталітарызму.
  • Унутраны беларускі палітычны крызіс перарос у крызіс рэгіянальнай бясьпекі.

2021 год быў найперш годам няспраўджаных прагнозаў.

Найперш гэта тычыцца эканомікі. Усе прагнозы незалежных ад улады эканамістаў і аналітычных цэнтраў зыходзілі з таго, што краіну чакаюць эканамічныя цяжкасьці, рэцэсія. Таму для ўсіх нечаканым і непрагназаваным стаў значны рост экспарту і іншых валавых паказьнікаў. Гэтаму садзейнічала неспадзявана спрыяльная каньюнктура ў сьвеце, а таксама тое, што санкцыі так і не ўвайшлі ў поўную сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьпяховы 2021-ы: што ўратавала беларускую эканоміку

Другі момант. Большасьць незалежных экспэртаў меркавалі, што палітычны крызіс будзе паглыбляцца, працягнецца супрацьстаяньне паміж уладай і грамадзтвам, вуліца застанецца важным чыньнікам грамадзкага жыцьця. Чакалі масавых пратэстаў на 25 Сакавіка, называлі іншыя даты. Больш за ўсё такога разьвіцьця падзеяў баяліся ўлады.

Аднак нічога гэтага ня здарылася.

Таксама мала хто чакаў такога маштабу палітычнага тэрору. А між тым улады ўзялі на ўзбраеньне просты, правераны і, як высьветлілася, надзейны сродак умацаваньня рэжыму. Палітычныя рэпрэсіі сталі фактычна адзіным інструмэнтам размовы з грамадзтвам. Колькасьць палітзьняволеных набліжаецца да тысячы чалавек.

Улады звузілі задачу дзяржаўнага кіраваньня да элемэнтарнага інстынкту выжываньня. У выніку пачаўся працэс рэдукцыі дзяржавы да палітычнага рэжыму. То бок дзяржава скідвае зь сябе выкананьне пэўных функцый (правасудзьдзе, замежная палітыка, ахова межаў і інш.), а займаецца толькі барацьбой з любымі праявамі нязгоды. І дзеля вырашэньня гэтай задачы ня лічацца ні зь якімі ахвярамі. Пасадзіўшы самалёт з Раманам Пратасевічам, улада не палічыліся з адмоўнымі наступствамі такога кроку. Масава звальняюць неляяльных работнікаў зь дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, не зважаючы на шкоду для іхнай працы. Рэжым стаў больш кансалідаваны, але менш эфэктыўны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гульня лёсамі людзей. Чаму такія жорсткія прысуды?

Гледзячы па ўсім, у гэтым працэсе ўлады ня маюць «чырвоных лініяў», дна ці нейкіх тармазоў. Робіцца спроба вярнуць краіну ў часы таталітарызму. Гаворка ня толькі пра «сталінскія» турэмныя тэрміны (14–20 гадоў за «палітыку»). Пачаўшы барацьбу з палітычнымі апанэнтамі, рэжым зьліквідаваў структуры грамадзянскай супольнасьці і цяпер спрабуе зьнішчыць іншадумства як такое. Вось ужо за падабайкі ў сацыяльных сетках людзей садзяць за краты.

Рэжым ня можа павярнуць у бок лібэралізацыі, спыніць рэпрэсіі, бо гэта найважнейшая ўмова яго выжываньня пры страце падтрымкі з боку грамадзтва.

«Сталінізацыя» краіны выяўляецца ня толькі ў вялізных тэрмінах зьняволеньня. Улада прэтэндуе на кантроль за асабістым жыцьцём грамадзян. У людзей, якіх прымаюць на працу ў дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы, правяраюць акаўнт у сацыяльных сетках і тэлефоны (ці не падпісаны чалавек на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы). У школе дзяцей заклікаюць даносіць на бацькоў, калі тыя маюць бел-чырвона-белы сьцяг. То бок выхоўваюць пасьлядоўнікаў Паўліка Марозава. Рыторыка дзяржаўных мэдыя нагадавае тон савецкай прэсы 1937 году.

Можам канстатаваць, што ў Беларусі ладзіцца вялікі сацыяльны экспэрымэнт, спроба аднавіць таталітарную сыстэму ў эпоху інтэрнэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадырызацыя Беларусі. Як Лукашэнка спрабуе пераймаць тэрор у Чачні

Але на гэтую сытуацыю можна паглядзець і інакш. Зразумела, вярнуць давер грамадзтва такімі мэтадамі ўладам не ўдалося. Больш любіць рэжым людзі не сталі. Магчыма, гістарычная місія Лукашэнкі палягае ў тым, каб давесьці ідэю моцнай рукі да лягічнага канца, да абсурду. І тым самым правесьці антытаталітарную вакцынацыю беларускага грамадзтва.

Тое, што рабіў рэжым у 2021 годзе, зводзілася да аднаго: утрыманьне ўлады адным чалавекам за ўсякую цану. Улада для ўлады ў чыстым выглядзе, без усялякіх дамешкаў. Калі раней працавала нейкая іншая матывацыя, маўляў, улада дзеля дабра народу, то цяпер яна зьнікла як чыньнік масавай сьвядомасьці. Што зноў жа выпрацоўвае ў грамадзтве антыдот супраць неабмежаванай улады аднаго чалавека, прычым працяглы час.

Калі казаць пра вонкавую палітыку, то кіраўніцтва дзяржавы дзейнічала паводле той жа лёгікі, што і ва ўнутранай: у вузкім дыяпазоне барацьбы з ворагамі. Гэта штучнае стварэньне мадэлі «цытадэлі ў аблозе», помста суседзям за непрызнаньне. Унутраны беларускі палітычны крызіс перарос у крызіс рэгіянальнай бясьпекі.

Што тычыцца палітыкі Захаду стасоўна Беларусі, то эканамічныя санкцыі так і не запрацавалі. І невядома, ці запрацуюць. Іншых мэханізмаў уплыву на рэжым у Беларусі ЭЗ і ЗША ня маюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Spiegel: Cанкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі поўныя дзірак

Рэзка ўзрасла залежнасьць Беларусі ад Расеі. Масква ўзяла на ўзбраеньне тактыку інтэграцыі Беларусі паступова, крок за крокам, бяз рэзкіх рухаў. Разумеючы, што Лукашэнку няма куды бегчы з падводнай лодкі.

Можна меркаваць, што ўсе трэнды мінулага году будуць працягнутыя ў 2022 годзе. Чыньнікаў, якія маглі б іх зьмяніць, ня бачна на даляглядзе. Што не выключае зьяўленьня «чорных лебядзёў».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.