30 сьнежня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля прайшлі спрэчкі бакоў у крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненьні міліцыі» ў Гомлі 20 верасьня 2020 году. Абвінавачаныя — праграміст Станіслаў Мачалаў і былы супрацоўнік «Беларуснафты» Дзьмітры Грышчанка.
Дзяржаўнае абвінавачаньне запрасіла для іх па 3 гады калёніі.
На пачатку паседжаньня 30 сьнежня ў судзе пад чужымі прозьвішчамі (Іваноў і Ларын) выступілі супрацоўнікі міліцыі. «Іваноў» запатрабаваў, каб Станіслаў Мачалаў сплаціў яму 1500 рублёў за пакуты. «Ён прычыніў мне фізычны боль, хоць потым да лекара я і не зьвяртаўся. Мае гонар і годнасьць як супрацоўніка міліцыі былі закранутыя», — зазначыў міліцыянт.
«А калі вы лжыва сьведчыце, вы не адчуваеце маральных пакутаў?» — адрэагаваў Мачалаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пісаў у чаце, каб пазбавіцца душэўнага болю». Судзяць супрацоўнікаў «Беларуснафты» за допісы ў закрытым чацеНастойваў на кампэнсацыі пакутаў і «Ларын». Ён іх ацаніў у 600 рублёў. «Перад сьвятамі я мушу марнаваць свой вольны час і хадзіць на пасяджэньні. Мае гонар і годнасьць таксама пацярпелі», — паскардзіўся суду міліцыянт.
Супрацоўнік міліцыі «Іваноў» пачаў скардзіцца, што адчувае на сабе ціск з боку прысутнай у залі жанчыны. «Яна прамаўляе абразы ў мой бок», — заявіў міліцыянт. Суд вынес жанчыне папярэджаньне. Яна зазначыла, што проста малілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 сьнежня: год калёніі за леташні ўдзел у «счэпцы», «хатняя хімія» і 700 рублёў кампэнсацыі за абразу міліцыянтаПракурорка палічыла, што віна і Грышчанкі, і Мачалава даказаная. Грышчанка, паводле яе, апроч удзелу ў «масавых беспарадках», «маральна ціснуў і перасьледаваў з мэтай запалохваньня прадстаўнікоў улады, казаў фразы, якія падахвочваюць да актыўнага супраціву». Яна адзначыла, што пры ператрусе ў Грышчанкі забралі Пагоню і шэраг прадметаў, «якія сьведчаць пра дэструктыўныя настроі».
Адвакатка Грышчанкі ў выступе зазначыла, што ён ня быў арганізатарам «масавых беспарадкаў», нікога не заклікаў ісьці, прыйшоў адзін, як шараговы ўдзельнік. «Блякаваньне дарогі» — гэта момант, калі за людзьмі пагнаўся АМАП і яны пабеглі на другі бок вуліцы Савецкай, прычым на зялёнае сьвятло. Адвакатка лічыць, што ў дзеяньнях падабароннага няма злачынства.
Апошнія словы і прысуд прызначылі на 3 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Бабруйску, асуджаны за абразу Лукашэнкі, выехаў зь Беларусі