Дзяржава будзе кантраляваць цэны на сацыяльна значныя прадукты да красавіка

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі падоўжыла кантроль цэнаў на сацыяльна значныя тавары яшчэ на тры месяцы.

Адпаведны дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.

Дакумэнтам абмяжоўваюць гранічны максымальны нарматыў рэнтабэльнасьці, які выкарыстоўваецца для вызначэньня сумы прыбытку, што падлягае ўключэньню ў адпускныя цэны. Ён не павінен перавышаць узроўню рэнтабэльнасьці за студзень–лістапад 2021 году, або 10%, калі фактычны ўзровень рэнтабэльнасьці за названы пэрыяд склаў менш як 10%. Пастановай таксама зацьверджаны максымальныя надбаўкі імпартэра, а таксама максымальныя аптовыя і гандлёвыя надбаўкі з улікам аптовай надбаўкі. Яны абмежаваны ў межах 15-30% у залежнасьці ад тавару.

Сярод тавараў, на якія будуць стрымліваць рост цэнаў: пшанічная мука, аўсяныя і ячныя крупы, многія віды хлеба, вэрмішэль, локшына, ялавічына і сьвініна (апрача бескасьцёвага мяса), куры, каўбасы, рыба, алей, многія малочныя прадукты, курыныя яйкі, яблыкі, рэпчатая цыбуля, буракі, морква, бульба, цукар, кашы і мясныя кансэрвы для дзіцячага і дыетычнага харчаваньня.

Пастанова ўступіць у сілу 1 студзеня 2022 году і будзе дзейнічаць тры месяцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 36% беларусаў эканомяць на ежы, — вынікі апытаньня BEROC
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў новага міністра гандлю і кіраўніка Гомельскай вобласьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад забараніў вывозіць зь Беларусі пшанічную муку