За спробу подкупу прафэсійнага гульца клюбу Першай лігі асуджаны 44-гадовы колішні гулец нацыянальнай зборнай Беларусі Віталь Ланько. Як паведамляе «Наша ніва», суд адбыўся яшчэ 28 сьнежня.
Гаворка ішла пра гульню «Нафтан» (Наваполацак) — «Лякаматыў» (Гомель), якая адбылася 29 жніўня 2021 году. Абвінавачаны хацеў гарантаваць сабе выйгрыш стаўкі на гэты матч і дамовіўся з гульцом адной з камандаў, каб тая прагуляла сустрэчу за 5000 даляраў. Дзеяньні абвінавачанага кваліфікавалі паводле арт. 14, ч. 2 арт. 253 (замах на подкуп удзельніка спартовага спаборніцтва, учынены паўторна) Крымінальнага кодэксу.
Цяпер Ланько асуджаны за гэта на 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Пры гэтым улетку 2020 году ён атрымаў 3-гадовае пакараньне «хіміяй», якую яму прысудзілі таксама за арганізацыю дамоўных матчаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішняга гульца зборнай Беларусі другі раз будуць судзіць за арганізацыю дамоўных матчаўСьледзтва ў цяперашняй справе выявіла парушэньні і з боку двух дзейных гульцоў. Судзіць іх не плянуюць, але іх пакарала Фэдэрацыя футболу. Футбаліст магілёўскага «Дняпра» Алег Чмырыкаў дыскваліфікаваны на год і аштрафаваны на 2900 рублёў. Ён рабіў стаўкі на гульні, а таксама не паінфармаваў АБФФ аб тым, што Ланько прапаноўваў яму ўплываць на вынікі футбольных сустрэч.
Другога — Андрэя Штыгеля са «Смаргоняў» — прызналі пэрсонай non grata, бо ён раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у дамоўным матчы: яго судзілі ў адной справе з Ланько ў ліпені 2020 і асудзілі на 2 гады грамадзкіх работ. Тады Штыгель гуляў за наваполацкі «Нафтан». Цяпер ён дыскваліфікаваны пажыцьцёва, а статус пэрсоны non grata азначае, што ўсе, хто дзейнічае ад імя АБФФ, мусяць устрымацца ад кантактаў з экс-гульцом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад аб парушэньнях у фэдэрацыі футболу Беларусі: дамоўныя матчы, палітычны ціск, «кішэнныя» судзьдзіДамоўныя матчы існуюць як у футболе, так і ў іншых відах спорту, камандных і індывідуальных. Гэта форма махлярства, якое мае некалькі відаў: інсцэнаваньне барацьбы на полі замест рэальнага змаганьня; забесьпячэньне асобнымі футбалістамі або цэлай камандай «патрэбнага» выніку ці падзеі на полі, што дыктуе замоўца; узаемная дамоўленасьць дзьвюх дружынаў згуляць зь лікам, што задавальняе абодва бакі, або наўмысная параза аднаго з бакоў за матэрыяльнае заахвочваньне; стаўкі на спартовыя падзеі, часта з уласным удзелам у іх; іншае.
Як адзначаюць футбольныя экспэрты, удзел у арганізацыі дамоўных матчаў няпроста даказаць у судзе. У схеме ўдзельнічаюць лічаныя людзі, а трэнэры і партнэры футбалістаў, якія гуляюць на канкрэтную задачу, найчасьцей ня ведаюць іхных плянаў. Многія факты высьвятляюцца праз шмат год пасьля таго, як адбыліся матчы, а большасьць так і застаецца здагадкамі і падазрэньнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фанаты менскага «Дынама» выступілі з заявай: «Байкот матчаў у сувязі з палітычнай сытуацыяй, уся атрыбутыка — па-беларуску»