«Як чалавек, які перажыў падзеньне СССР, я магу быць аптымістам». Вялікая размова зь юрыстам «Вясны» Паўлам Сапелкам

Павел Сапелка

Зь верасьня 2020 году за кратамі апынуліся сем праваабаронцаў Праваабарончага цэнтру «Вясна», яшчэ некалькі адбываюць адміністрацыйны арышт.

29 сьнежня суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнанаў матэрыялы Праваабарончага цэнтру «Вясна» «экстрэмісцкімі» Пра рашэньне стала вядома 30 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матэрыялы Праваабарончага цэнтру «Вясна» прызналі экстрэмісцкімі

Свабода паразмаўляла зь юрыстам «Вясны» Паўлам Сапелкам пра вынікі году для праваабаронцаў.

«Да нас мусіла дайсьці чарга»

«Пакуль мы нават ня ведаем, што там хочуць прызнаць „экстрэмісцкім“, — кажа Павал Сапелка. — На нашу думку, ідзецца пра тэлеграм-канал. Ужо ёсьць адзін факт прызнаньня „экстрэмісцкімі“ матэрыялаў на сайце „Горадзенская Вясна“ („экстрэмісцкімі“ таксама абвясьцілі матэрыялы, апублікаваныя на стронках „Горадзенскай Вясны“ ў фэйсбуку, твітэры і „Ўкантакце“. — РС). Гэта непрыемна. Але мы ў прынцыпе разумеем, што з такой сытуацыі ніхто ня выйдзе бяз стратаў. І ў пэрспэктыве, я думаю, да нас у кожным разе мусіць дайсьці чарга. Калі разважаць лёгікай уладаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заблякавалі доступ да сайту баранавіцкага выданьня Intex-press

Паводле Паўла Сапелкі, прызнаньне «экстрэмісцкімі» матэрыялаў «Вясны» на сайце альбо сацыяльных сетках ці мэсэнджарах будзе мець наступствы для працы праваабаронцаў. Зьмены вынікаюць найперш з таго, што супрацоўнікі «Вясны», акрамя сваёй уласнай інфармацыйнай палітыкі, павінны думаць і пра людзей, якія карыстаюцца інфармацыяй з сайту і сацыяльных сетак «Вясны». Якімі будуць зьмены, стане зразумела пасьля агульнага абмеркаваньня вынесенага ўладамі рашэньня.

«Магчымы разгром мы абмяркоўвалі яшчэ да выбараў 2020 году»

Арышты супрацоўнікаў «Вясны» пачаліся яшчэ ў верасьні 2020 году. Першай стала Марфа Рабкова, суд над ёй не пачаўся дагэтуль. У студзені 2021 году «прыйшлі» у гомельскую філію арганізацыі, там арыштавалі Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу. 14 ліпеня затрымалі Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча. Празь некалькі дзён усіх абвінавацілі паводле крымінальных артыкулаў. Павал Сапелка кажа, што, нягледзячы на ўсё гэта, частка «вясноўцаў» дагэтуль застаецца ў Беларусі.

«Выехала частка „Вясны“, — гаворыць Павал Сапелка. — Вялікая, большая частка, але толькі частка. Праца па-ранейшаму працягваецца. Мы яшчэ з пачатку пандэміі перабудоўвалі працу для дыстанцыйнага кантакту з тымі, хто патрабуе нашай дапамогі. Арышты нашых сяброў і калег нанесьлі моцныя страты арганізацыі. Але мы зараз у кожным разе сваёй мэтай бачым працяг той дзейнасьці, якою займаліся ўсе разам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца году — Марфа Рабкова, журналіст году — Дзяніс Івашын. Назвалі ляўрэатаў Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека

Сапелка нагадвае, што зараз за кратамі знаходзяцца сем сяброў арганізацыі, а таксама частка валянтэраў. Гэта тыя, каго перасьледуюць за дзейнасьць у галіне абароны правоў чалавека. Ёсьць таксама шэраг валянтэраў «Вясны», якіх асудзілі ў іншых справах, не зьвязаных непасрэдна зь іх дзейнасьцю ў арганізацыі, — Вольгу Залатар, напрыклад.

«Магчымыя арышты і пэрспэктыву разгрому „Вясны“ мы абмяркоўвалі яшчэ летам 2020 году, — расказвае Павал Сапелка. — Бо было зразумела, што калі выбары ня скончацца зьменай улады, то яны, відавочна, будуць мець працяг у выглядзе рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці. Добра, што нейкі час нашыя прагнозы не збываліся. Але ўжо ў верасьні 2020 году затрымалі Марфу Рабкову, у студзені гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленку, Тацяну Ласіцу і Марыю Тарасенку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паслаў іх да артыкула 27 Канстытуцыі». Праваабаронцу Леаніда Судаленку спрабавалі дапытаць у турме па «справе „Вясны“»

З словаў Паўла Сапелкі, для Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча, а таксама для Ўладзя Лабковіча нават у такіх умовах было прынцыповым не зьяжджаць зь Беларусі, заставацца і дзейнічаць тут.

«Валянтэрскае назіраньне ў судах паставілі на паўзу»

Павал Сапелка расказвае, што ліставаньне з арыштаванымі калегамі зараз няўстойлівае. «Вясноўцы» дзеляцца адзін з адным інфармацыяй з атрыманых ад калег з-за кратаў лістоў, даходзяць таксама зьвесткі ад іншых людзей, якія атрымліваюць лісты ад Алеся Бяляцкага, іншых арыштаваных праваабаронцаў. Таму ў цэлым складваецца ўражаньне, што сувязь ёсьць.

Вельмі каштоўнымі і карыснымі для «Вясны» заўсёды былі валянтэры. Юрыст арганізацыі гаворыць, што яны рабілі шмат важнай і карыснай працы — вялі назіраньне на акцыях пратэсту, прысутнічалі на судовых працэсах. Так было і цягам усяго 2021 году. Зараз, аднак, «Вясна» мусіла моцна скарэктаваць іх працу.

«Некалькі тыдняў таму шмат каго з валянтэраў затрымалі, у іхных кватэрах учынілі ператрусы, — расказвае Павал Сапелка. — Пасьля гэтага мы перафарматавалі назіраньне за судамі. Цяпер менавіта валянтэрскае назіраньне там паставілі на паўзу. Мы зрабілі гэта дзеля бясьпекі саміх валянтэраў. Але людзі ў Беларусі яшчэ застаюцца. Пакуль існуе магчымасьць нейкай дзейнасьці, магчыма, непублічнай, то яны працуюць. Хоць гэтых магчымасьцяў усё менш».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы стварылі монстра». Як у Беларусі наладжвалі сыстэму катаваньняў

Павал Сапелка расказвае, што юрыдычную дапамогу ад «Вясны» можна атрымліваць і безь непасрэднага кантакту з супрацоўнікамі. Праваабаронцы стварылі чат-боты, якія дазваляюць атрымаць адказы на самыя частыя пытаньні. Кансультаваньне, юрыдычная дапамога ў афармленьні дакумэнтаў, дапамога ў зваротах у міжнародныя арганізацыі — гэта ўсё таксама засталося. Але зараз адбываецца выключна ў дыстанцыйнай форме — зноў жа дзеля бясьпекі.

«У абароне правоў чалавека ў Беларусі надышла ў нейкім сэнсе новая эра, — кажа Павал Сапелка. — У нейкай ступені нас туды адправіў каранавірус. Але такі падыход паказаў жыцьцяздольнасьць».

«Калі не працягваць працаваць, то нельга разьлічваць на зьмены ў будучыні»

Ці ёсьць увогуле сэнс аказваць юрыдычную дапамогу ва ўмовах, калі самі ўлады адкрыта прызнаюцца ў парушэньнях заканадаўства? Юрыст «Вясны» прызнае, што гэта вельмі складанае пытаньне. Зь іншага боку, праваабаронцам у Беларусі ніколі не было лёгка.

«Мы заўсёды працавалі ў такіх умовах, калі гісторыяў барацьбы было больш, чым гісторыяў перамог, — прызнаецца Павал Сапелка. — Мы заўсёды разумелі, што калі гэтага ня зробім мы, то гэтым не зоймецца ніхто. Зараз мы кіруемся тымі ж самымі матывамі. Ня маем адной канкрэтнай мэты — дапамагаць людзям пісаць скаргі, скажам. Мэта агульная — абарона і прасоўваньне правоў чалавека. І кожнага з складнікаў гэтай місіі. Нават калі на сёньня гэта не дае хуткага выніку, то ўсё ж накладвае адбітак на далейшую хаду гісторыі. Хачу нагадаць, што калі мы ў 2020 годзе мелі пэўны набор правоў і свабодаў, то гэта ўсё не прыйшло аднекуль звонку, не было нам падаравана. Усё было заваявана і напрацавана цягам доўгага пэрыяду. Кожная саступка ўладаў была вынікам вялікай працы — ці рабілася яна ўнутры Беларусі, ці на нейкіх міжнародных пляцоўках. Цяпер мы разважаем падобна. Хай намаганьні не даюць нейкіх вынікаў адразу, але калі не працягваць працаваць, то наўрад ці можам разьлічваць на зьмены ў будучыні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Названыя новыя ляўрэаты прэміі за літаратуру з турмы

Павал Сапелка кажа, што асабіста ён не чакае ад 2022 году паляпшэньняў. На думку юрыста «Вясны», зараз усё ў Беларусі рухаецца толькі ў бок пагаршэньня, падставаў казаць пра магчымую хуткую зьмену вэктару пакуль няма. У мінулым месяцы супрацоўнікі «Вясны» падвялі вынікі крымінальнага перасьледу беларусаў за 2021 год і пабачылі, што зьявілася некалькі дзясяткаў крымінальных справаў, распачатых за падзеі жніўня 2020 году. З словаў Паўла Сапелкі, беларускія ўлады зараз «нагадваюць» усё, што было. Пачынаецца таксама хваля масавых палітычна матываваных звальненьняў, у тым ліку тых, хто паставіў подпіс за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў.

«Мэханізм рэпрэсіяў працуе зараз вельмі інтэнсіўна, — кажа Павал Сапелка. — Няма нейкіх перадумоваў і сыгналаў, што нешта будзе мяняцца. Цалкам магчыма, што апагей рэпрэсіяў яшчэ ня пройдзены. Адлігі таксама пакуль не відаць. Але я як чалавек, які перажыў падзеньне СССР, магу быць аптымістам. Я бачыў, як іншы, больш моцны і магутны, рэжым абрынуўся. Гэта ў прынцыпе лёс усіх недэмакратычных рэжымаў. Пытаньне толькі ў тым, калі і якім коштам гэта адбудзецца. І ў якім стане будзе Беларусь пасьля гэтага падзеньня».