«Хочам даць ім магчымасьць быць пачутымі». У Варшаве паказваюць спэктакль пра беларускіх палітвязьняў

Прэм’ера спэктаклю Івана Вырыпаева — «1,8 М», заснаванага на рэальных гісторыях пацярпелых ад уладаў Беларусі. Варшава, 28 сьнежня 2021 году

Спэктакль суправаджае дабрачынная акцыя ў падтрымку пацярпелых ад рэпрэсіяў.

28 сьнежня ў варшаўскім Новым Тэатры (Nowy Teatr) прайшла прэм’ера спэктаклю Івана Вырыпаева — «1,8 М», заснаванага на рэальных гісторыях пацярпелых ад уладаў Беларусі.

«1,8 квадратнага мэтра» — «столькі месца прызначана чалавеку ў перапоўненых беларускіх турмах», — гаворыцца ў анонсе падзеі.

Стваральнікі кажуць, што гэтая лічба дазваляе задумацца аб філязофскім успрыманьні свабоды і яе межах.

Граюць у «1,8 М» беларускія і расейскія акторы (Валянціна Сізаненка, Павал Гарадніцкі, Паліна Дабравольская, Ігар Шугалееў, Паліна Чабатарова і іншыя), якія вымушана пакінулі радзіму і пераехалі ў Польшчу.

Удзельнічалі ў спэктаклі таксама акторы польскага Новага Тэатру — Барташ Бяленя, які здымаўся ў вядомым драматычным фільме «Божае цела», і Эвэліна Панкоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актор зь Беласточчыны на поўны голас закрычаў у Эўрапарлямэнце ў падтрымку Беларусі. ВІДЭА

Аўтар пʼесы і рэжысэр пастаноўкі — Іван Вырыпаеў. І хаця многія яго называюць расейскім рэжысэрам, сам Вырыпаеў кажа, што зараз лічыць сябе хутчэй польскім з расейскімі каранямі. У Польшчы ён пражыў 13 гадоў, 7 — бесьперапынна.

Рэжысэр адзначыў, што летась праз сумныя наступствы студзеньскіх акцыяў у абарону Аляксея Навальнага ён вырашыў разарваць усялякія адносіны з Расеяй, хаця ягоныя пʼесы там дагэтуль ставяць. Большая частка яго праектаў рэалізуецца ў Польшчы.

Над спэктаклем з Вырыпаевым працавалі таксама сцэнограф Караліна Брамовіч, кампазытар Яцэк Ендрасік, відэамастак Сяргей Шабохін, а таксама шмат творчых беларусаў.

«Асноўная мэта — як мага мацней услухацца ў чалавека»

Пастаноўку «1,8 М» плянуюць прэзэнтаваць па ўсёй Эўропе. Аўтары сьцьвярджаюць, што адна з галоўных мэтаў — прыцягнуць увагу да трагедыі ў Беларусі за яе межамі.

У Варшаве спэктакль праходзіць з 27 па 29 сьнежня. На кожны з паказаў раскупленыя практычна ўсе білеты.

28 сьнежня, у дзень прэмʼеры, залю запоўнілі цалкам як беларускія, так і польскія гледачы. Сярод польскай публікі можна было заўважыць знакамітых палітыкаў, праваабаронцаў, дзеячоў культуры і прадстаўнікоў СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аааааа!!!» – хвіліна крыку. Беларусь цяжарная пратэстамі

На пачатку спэктаклю на сцэну выйшлі Барташ Бяленя і Эвэліна Панкоўская.

Эвэліна Панкоўская і Барташ Бяленя.

Яны адзначылі, што асноўная задача спэктаклю — «як мага мацней услухацца ў чалавека».

«Ня ў нейкага абстрактнага, не ў героя тэатральнай пʼесы, а ў рэальнага чалавека, у людзей, якія жывуць ці ўжо не жывуць у гэтай складанай рэальнасьці. Вось чаму мы хочам даць ім магчымасьць быць пачутымі як вамі, так і намі. Бо гэта найбольшая патрэба ўсіх нас сёньня», — сказалі яны.

Акторы выступалі на расейскай і беларускай мовах. Таксама былі ангельскія субтытры, польскіх жа не было наўмысна. З словаў арганізатараў, іх чытаньне перашкаджала б магчымасьці прыгледзецца да мімікі выступоўцаў. Таму пераклад на польскую пасьля кожнага маналёгу чыталі Барташ і Эвэліна.

Грунтам для спэктаклю сталі словы палітычна рэпрэсаваных, напісаныя імі ў лістах родным альбо сказаныя ў інтэрвію. Кожны з актораў граў ролю канкрэтнага чалавека, які трапіў пад перасьлед і гвалт беларускіх сілавікоў.

Некаторыя паказаныя гісторыі ўжо добра ведаюць беларусы. Аднак, нягледзячы на гэта, усе імёны герояў, акрамя загінулага Вітольда Ашурка, зьмянілі дзеля бясьпекі.

«Ці мае значэньне маё імя сёньня, зараз? Яго забудуць, яго змые плынь фактаў, лёсаў і эмоцыяў, яно рашчыніцца ў шэрагах амаль 1000 палітвязьняў, зьнікне ў 4200 імёнах падазраваных, супраць якіх завядуць крымінальныя справы, маё імя патоне амаль у 40 000 імёнаў, асуджаных за [ідзе пералік крымінальных артыкулаў], за выказваньне сваёй думкі, за выказваньне сваёй думкі, за выказваньне сваёй...», — гэтыя словы гучалі паміж маналёгамі актораў.

«Няхай кожны з нас крычыць так, як можа, там, дзе ён знаходзіцца, і з тымі магчымасьцямі, якія мае!»

Спэктакль суправаджаюць сучасная электронная музыка, сьветлавыя эфэкты і відэапраекты.

У канцы спэктаклю ўсе акторы выканалі песьню «Благаславі, мацi», сьпеў на апошніх радках паступова перайшоў у крык. Такім хвілінным крыкам беларуска-польская артыстка і актывістка Яна Шостак прыцягвала ўвагу да праблемаў Беларусі некалькі месяцаў, штодня а 18-й гадзіне прыходзячы да сядзібы Эўракамісіі ў Варшаве. Пазьней яе падтрымаў Барташ Бяленя: падчас уручэньня прэміі LUX у Эўрапарлямэнце ён крычаў на знак салідарнасьці зь беларусамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крык за Беларусь» у Варшаве. Акцыя салідарнасьці прайшла ля офісу Эўракамісіі

Яна Шостак таксама была на паказе. Яна падсумавала свой кароткі выступ словамі: «Няхай кожны з нас крычыць, там, дзе ён знаходзіцца, і з тымі магчымасьцямі, якія мае!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі мастацтва не было такое важнае, як у моманты найбольш цёмных рэпрэсій». Свабодны тэатар пераяжджае ў Польшчу