У Будслаўскі касьцёл, які беларусы талакой аднаўлялі пасьля пажару, перад Новым годам вяртаюцца багаслужбы

Традыцыйны каталіцкі фэст у Будславе, ліпень 2021 году

У Будслаўскі касьцёл, які сёлета моцна пацярпеў ад пажару, вяртаюцца багаслужбы.

31 сьнежня а 23-й гадзіне там пройдзе сьвятая імша на заканчэньне году. Да таго ж 1 студзеня на Ўрачыстасьць Маці Божай і 2 студзеня апоўдні пройдуць багаслужбы, піша Эўрарадыё.

На адбудову касьцёла неабыякавыя людзі сабралі больш за 1,1 мільёна рублёў. Апошнія 3 тысячы — на Калядным кірмашы, які прайшоў у менскім касьцёле Сьв. Роха пару дзён таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будслаўскі касьцёл пасьля пажару накрылі часовым дахам, неўзабаве адновяцца набажэнствы

Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. У выніку абваліўся дах, а вада з пажарных брандспойтаў пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.

За прамінулы час валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мінімум $1,5 мільёна і праца на гады». Пагаварылі са сьвятаром з камісіі аднаўленьня касьцёла ў Будславе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы пілігрымаў і Багародзіца з усьмешкай. Чым вядомы беларускі Нотр-Дам?