Колькасьць пэнсіянэраў, экспарт: Якую статыстыку ўлады засакрэцілі ў 2021 годзе

Сёлета ўлады Беларусі закрылі зьвесткі статыстыкі адразу ў некалькіх катэгорыях. Глядзім, што засакрэцілі.

Сьмяротнасьць

Беларуская дзяржаўная служба статыстыкі Белстат так і не апублікавала зьвесткі аб сьмяротнасьці жыхароў Беларусі за 2020 год. Апошнія лічбы колькасьці народжаных, памерлых, а таксама шлюбаў і разводаў апублікаваныя толькі за студзень-сакавік — яшчэ да пачатку эпідэміі каранавірусу ў Беларусі.
За студзень—сакавік 2020 году ў Беларусі памерлі 31039 чалавек. Раней гэтыя зьвесткі Белстат публікаваў рэгулярна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У стацыянарах Беларусі ў 2020 годзе памерла на 40% больш пацыентаў, чым у 2019-м

Колькасьць пэнсіянэраў

Белстат не апублікаваў у зборніку «Сацыяльна-эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусі ў студзені—лістападзе 2021 году» колькасьць пэнсіянэраў. У папярэдніх зборніках ведамства разьмяшчала такую інфармацыю з спасылкай на Міністэрства працы.

На пачатак лістапада ў Беларусі налічвалася, паводле афіцыйнай статыстыкі, 2 млн 422,2 тыс. пэнсіянэраў. Характэрна, што гэтая лічба была такой самай і на пачатак кастрычніка. За верасень і жнівень пэнсіянэраў стала на 32,3 тысячы менш.

Напрыклад, Менск за студзень—жнівень сёлета страціў каля 8,5 тысячы пэнсіянэраў.

На сайце Белстату дагэтуль зьмешчана інфармацыя, што «цяпер у органах працы, занятасьці і сацыяльнай абароны розныя віды пэнсіяў атрымліваюць каля 2,5 млн чалавек».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь сярод сусьветных лідэраў у слабасьці захадаў супраць COVID-19

Экспарт нафтапрадуктаў

Экспарт нафтапрадуктаў — адна з асноўных крыніц прытоку валюты ў Беларусь. Раней гэтая статыстыка была даступная ў разьдзеле «Замежнаэканамічная дзейнасьць»: публікаваліся як апэратыўныя зьвесткі, так і падсумоўчыя за год. Цяпер зьвесткі даступныя толькі за мінулы год і ранейшыя. Сёлетнія лічбы са статыстыкі зьніклі.

Паводле ранейшых зьвестак, нафтапрадуктаў за студзень-сакавік экспартавалі больш як на 1 мільярд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве абяцаюць за тры тыдні выпрацаваць рашэньне аб транзыце беларускага калію

Экспарт угнаеньняў

Другая крыніца прытоку валюты ў Беларусь — калійныя ўгнаеньні. Зьвесткі пра іх зьніклі з афіцыйнай статыстыкі ў ліпені. Раней яны зьяўляліся рэгулярна — як гадавыя, так і апэратыўныя.

Летась Беларусь прадала калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. За студзень—сакавік (цяпер гэтых лічбаў няма ў базе Белстату) рэалізавана ўгнаеньняў на 834 мільёны даляраў.

Таксама з базы Белстату зьніклі зьвесткі аб экспарце азотных угнаеньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежная палітыка Беларусі: вынікі году ад Карбалевіча і Сьлюнькіна

Якія зьвесткі яшчэ закрылі і якая гэта частка экспарту

Раней база Белстату мела 19 пазыцыяў адпаведна катэгорыям тавараў. Цяпер — 14. Зьніклі таксама апэратыўныя зьвесткі аб продажы плястмасаў, гумы і вырабаў зь іх. Няма дадзеных аб машынах, абсталяваньні і мэханізмах, а таксама аб гуказапісвальнай апаратуры. Таксама зьніклі зьвесткі аб продажы за мяжу сродкаў наземнага транспарту, а гэта — аўтобусы, трактары, грузавікі, то бок асноўныя вырабы беларускай прамысловасьці.

Напрыклад, амаль 15% таварнага экспарту Беларусі ў Расею за сем месяцаў 2021 году на суму 1,3 млрд даляраў ЗША аказаліся схаванымі ў беларускай статыстыцы.

Гэтаксама статыстыка хавае, колькі беларускіх нафтапрадуктаў экспартавалі ва Ўкраіну, якая ёсьць адным з асноўных экспартэраў гэтых пазыцыяў. Вядома, што агульны экспарт ва Ўкраіну ў студзені-кастрычніку склаў 3,5 мільярда даляраў. Калі ўлічыць, што летась ва Ўкраіну прадалі нафтапрадуктаў на 1,2 мільярда даляраў, то статыстыка экспарту ва Ўкраіну можа прыхоўваць больш за траціну агульнага аб’ёму экспарту.