Ягор Дуднікаў за кратамі ўжо восьмы месяц. Каб пабачыцца з сынам, Юлія прыехала ў Менск з Саратава. Першы раз яна ўбачыла сына на абвяшчэньні прысуду, а 28 сьнежня ім дазволілі спатканьне, якое доўжылася адну гадзіну. Юлія распавяла «Вясьне» падрабязнасьці сустрэчы.
Падчас сустрэчы яна адразу адзначыла погляд сына: «У яго пасталелы і стомлены погляд чалавека, які ня можа належаць чалавеку 21 года».
Маці Ягора распавяла, як сын пракамэнтаваў суд і прысуд:
«Пра суд сказаў, што быў зьдзіўлены, што ён прайшоў менавіта ў такім фармаце [закрытым рэжыме] і што яго голас прызналі зброяй. Але ён пасьмяяўся з гэтага. Ягор вельмі спадзяецца вярнуцца ў Расею, як і мы. Пра тэрмін ён стараецца ня думаць, бо гэта вельмі страшная лічба».
Юлія распавядае, што яна і Ягор маюць намер не здавацца і надалей змагацца за ягоную свабоду:
«Ягор трымаецца, але такі тэрмін, чакана, яго вельмі знэрваваў. Яго лёзунг — „акружаны, але не зламаны“. Пакуль ёсьць хоць маленькая надзея, ён і мы будзем за яе трымацца. Ён ведае, што мы за яго хвалюемся і любім, гэта будзе яго трымаць, нават калі здаецца, што ўсё зусім дрэнна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Ягора Дуднікава, грамадзяніна Расеі, асудзілі на 11 год турмыНа спатканьні з маці Ягор Дуднікаў таксама адзначыў падтрымку беларусаў:
«Яму пішуць многія людзі. Ён вельмі ўдзячны за падтрымку. Яна таксама не дае яму падаць духам», — распавядае Юлія.
Па словах Юліі, Ягор плянуе шмат чытаць і займацца спортам.
Сама маці Ягора адзначае, што абвяшчэньне прысуду прайшло для яе цяжка, прысуд, паводле яе слоў, відавочна несправядлівы:
«Я плачу, мне горка і балюча ўсьвядоміць тое, што хлапчука пазбавілі юнацтва. Ён не забіў, ня гвалціў, не рабаваў. Так, магчыма, тое, што ён рабіў, было няправільна, але пакараньне павінна быць сувымерным, а не як за забойства.
Хочацца сказаць [судзьдзі і пракурорцы]: „Але вы ж таксама бацькі! Як у вас, гледзячы яму ў юны хлапечы твар, рука паднялася даць яму такі тэрмін! Пазбавіць яго паловы яго пражытага жыцьця. Ды ён і ня бачыў яшчэ гэтае жыцьцё!“ Я ня ведаю, як на ім адаб’ецца такі жахлівы тэрмін...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказаў, што настроены рашуча, што ім яго не зламаць». Маці сустрэлася на Валадарцы з Ягорам Дуднікавым