У Беларусі зьявілася новае «экстрэмісцкае фармаваньне», МУС палічыў ім жыхароў менскага кварталу «Каскад», якія нібыта «ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць праз Telegram і Instagram».
Такім чынам, «экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі тэлеграм-канал «Каскад Live» і інстаграм-акаунт kaskad.power, паведамляе тг-канал ГУБАЗіК.
Жылы комплекс «Каскад» праславіўся на пратэстах 2020 году. Яго жыхары і іншыя пратэстоўцы перакрывалі дарогі пакрышкамі, каб ня мог праехаць АМАП, рэгулярна вывешвалі ў двары і на дамах нацыянальныя сьцягі, у тым ліку вялізнае бел-чырвона-белае палотнішча ў 22 паверхі даўжынёй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 22 паверхі даўжынёй. У Менску вывесілі гіганцкі бел-чырвона-белы сьцягСілавікі рабілі аблавы на раён, узломвалі дзьверы і ўрываліся ў кватэры да людзей, дзе білі іх і праводзілі ператрусы.
Па Беларусі коціцца хваля прызнаньняў шэрагу арганізацый «экстрэмісцкімі». Такімі сілавікі прызнаюць незалежныя СМІ, аб’яднаньні грамадзян, арганізацыі былых сілавікоў і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пратэставым ЖК «Каскад» у Менску аблава сілавікоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матэрыялы праваабаронцаў «Вясны» могуць прызнаць экстрэмісцкімі, прызначылі судШто трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.