Белы дом абвясьціў дату перамоваў паміж ЗША і Расеяй, на якіх будзе абмяркоўвацца сытуацыя зь бясьпекай вакол Украіны і дзейнасьць NATO ў Эўропе, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на чыноўніка Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША.
«Злучаныя Штаты разьлічваюць на ўдзел з Расеяй у плятформе дыялёгу аб стратэгічнай бясьпецы 10 студзеня. Акрамя таго, наколькі мы разумеем, Расея і NATO маюць намер правесьці пасяджэньне Рады Расея — NATO 12 студзеня, а пасяджэньне Пастаяннай рады АБСЭ заплянаванае на 13-га», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адміністрацыя дадала, што падыход прэзыдэнта Байдэна да Ўкраіны — спалучэньне стрымліваньня і дыпляматыі.
«Як Альянс мы адзіныя ў тым, зь якімі наступствамі сутыкнецца Расея, калі яна пачне наступ на Ўкраіну. Але мы таксама адзіныя ў нашай гатоўнасьці ўдзельнічаць у прынцыповай дыпляматыі з Расеяй», — заявілі ў Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Расеі паведаміў пра перамовы са Злучанымі Штатамі пасьля навагодніх сьвятаўРасейскія ўлады 17 сьнежня падалі два праекты прапановаў да гарантыяў бясьпекі. Адзін дакумэнт адрасаваны NATO, другі — ЗША. Ключавое патрабаваньне Масквы — адмова NATO ад далейшага пашырэньня на Ўсход, а менавіта ад уключэньня ў арганізацыю новых чальцоў зь ліку былых савецкіх рэспублік або разьмяшчэньня на іх тэрыторыях вайсковых базаў.
Масква настойвае на гарантыях ёй на фоне новага рэзкага абвастрэньня адносінаў з Захадам, які абвінавачвае расейскія ўлады ў рыхтаваньні ўварваньня ва Ўкраіну і перакіданьні да яе межаў вайсковай тэхнікі.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс 26 сьнежня папярэдзіла ўсьлед за кіраўніком Белага дому Джо Байдэнам, што ў выпадку новага замаху Расеі на сувэрэнітэт Украіны Масква сутыкнецца з такімі санкцыямі, якіх раней не бывала. На пытаньне, ці закрануць гэтыя абмежаваньні асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, Гарыс сказала, што не гатовая гаварыць пра дэталі. На рэмарку аб тым, што папярэднія заходнія санкцыі Пуціна не спынілі, Камала Гарыс паўтарыла, што магчымыя новыя абмежавальныя меры будуць больш суровыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO перакідвае ў Нямеччыну брытанскую танкавую дывізію на фоне напружанасьці вакол Украіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што вайскова-тэхнічны адказ Расеі на адмову разглядаць яе прапановы ЗША і NATO можа быць «розным»