Максім Знак з-за кратаў — пра зьмены ў Канстытуцыі

Максім Знак на судзе над ім

Палітвязень Максім Знак перадаў з турмы, дзе ён адбывае тэрмін зьняволеньня, свае думкі аб патрэбных зьменах у Канстытуцыю

Свае ацэнкі Знак выказаў яшчэ да апублікаваньня праекту зьменаў у Канстытуцыю. Ягоны допіс прыводзіць тэлеграм-канал штабу Віктара Бабарыкі:

«Паводле некаторых ацэнак, у часы самых суровых палітычных рэпрэсіяў у СССР дзейнічала самая прагрэсіўная ў сьвеце канстытуцыя. Гэта не дапамагло. Я не магу ўявіць зьмены ў Канстытуцыю РБ, якія вырашаць усе назапашаныя праблемы, хаця шэраг пытаньняў можна было б зьняць. Але пры безальтэрнатыўным рэфэрэндуме, калі побач няма двух праектаў канстытуцыі, фактычна выбару ня будзе.

Камічна, што па тэлевізары паказваюць сацыялягічнае апытаньне, у якім 70% апытаных сказалі, што зьмены, вядома, патрэбныя. Пры гэтым апытаныя назвалі ў якасьці асноўных зьменаў у канстытуцыю захаваньне статус-кво. Такая патрэбная зьмена бязь зьменаў.

Адна з патрэбных, на маю думку, зьменаў — гэта вяртаньне найвышэйшай юрыдычнай сілы законам. Цяпер жа перавагу маюць дэкрэты і ўказы прэзыдэнта. Яшчэ ўлетку гучалі, праўда, ня вельмі выразна, прапановы аб абмежаваньні заканадаўчых правоў прэзыдэнта. Але паглядзім, ці будзе гэта ў праекце, у якой форме і ці стануць указы падпарадкоўвацца законам ці, напрыклад, проста зьнікнуць дэкрэты, а па юрыдычнай сіле актаў зьменаў ня будзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі праект зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі, у якім прапануецца імунітэт для былога прэзыдэнта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыя вечнага Лукашэнкі. Дыскусія экспэртаў