1995 год: замена сьцяга і расейская мова
У лютым 1995 году Лукашэнка абвясьціў намер правесьці рэфэрэндум у Беларусі. На рэфэрэндум ён выносіў чатыры пытаньні:
- Ці згодныя вы з наданьнем расейскай мове роўнага статусу зь беларускай?
- Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
- Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
- Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі?
На знак пратэсту дэпутаты фракцыі БНФ пачалі галадоўку ў залі паседжаньняў парлямэнту і засталіся там на ноч з 11 на 12 красавіка. Уначы пад маркай паведамленьня аб мінаваньні будынку парлямэнту ў залю ўвайшлі ўзброеныя сілавікі, якія гвалтам выкінулі дэпутатаў з залі парлямэнту. Раніцой дэпутаты прад’явілі доказы пабіцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як змахлявалі на рэфэрэндуме пра «чырвона-зялёную» сымболіку13 красавіка астатнія дэпутаты галасавалі паўторна, з усім пагадзіліся і прызначылі рэфэрэндум на 14 траўня. Паводле афіцыйных вынікаў галасаваньня:
- За наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай прагаласавалі 83,3%
- За прыняцьце новага сьцяга і герба — 75,1%
- За інтэграцыю з Расеяй — 83,3%
- За наданьне Лукашэнку права распусьціць парлямэнт — 77,7%.
Паводле АБСЭ, а таксама назіральнікаў ад БНФ, рэфэрэндум прайшоў з парушэньнямі і фальсыфікацыямі. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня не зацьвердзіў ягоных вынікаў.
1996 год: Больш паўнамоцтваў для Лукашэнкі
У 1996 годзе абвастрыліся супярэчнасьці паміж Лукашэнкам і парлямэнтам. У жніўні Лукашэнка прапанаваў правесьці рэфэрэндум, які б дазваляў зрабіць зь Беларусі прэзыдэнцкую рэспубліку замест парлямэнцка-прэзыдэнцкай, г. зн. пашырыць ягоныя паўнамоцтвы.
Пытаньні, прапанаваныя Лукашэнкам на рэфэрэндум:
- Аб перанясеньні Дня Незалежнасьці Беларусі на 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх захопнікаў.
- Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю (прапанаваных прэзыдэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.
- Аб увядзеньні вольнай, без абмежаваньняў, куплі-продажу земляў сельскагаспадарчага прызначэньня.
- Аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня.
Вярхоўны Савет, у сваю чаргу, вынес на рэфэрэндум наступныя пытаньні:
- Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парлямэнцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).
- Аб выбарнасьці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
- Аб фінансаваньні ўсіх галін улады адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту.
19 кастрычніка Лукашэнка правёў першы Ўсебеларускі сход, каля 6 тысяч дэлегатаў якога падтрымалі ідэю рэфэрэндуму. Тады ж у Менску прайшла акцыя апазыцыі, якая скончылася сутыкненьнем зь сілавікамі. Парлямэнт катэгарычна адкідаў ідэю аб зьмене Канстытуцыі. Група дэпутатаў зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд з прапановай даць заключэньне аб парушэньні Лукашэнкам Канстытуцыі. Група дэпутатаў уключыла ў парадак дня пытаньне аб імпічмэнце Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Лукашэнка мяняе Канстытуцыю, Пазьняк — Шарэцкаму: «Што Вы натварылі?»У лістападзе 1996-га, за два дні ра рэфэрэндуму, у Беларусь прыбыла дэлегацыя з Расеі, каб «памірыць» Лукашэнку і парлямэнт. Прайшлі перамовы з удзелам старшыні Дзяржаўнай думы Расеі Генадзя Селязьнёва, прэм’ер-міністра Расеі Віктара Чарнамырдзіна, старшыні Савету Фэдэрацыі Ягора Строева, Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага. У выніку перамоваў адбылося падпісаньне «Пагадненьня аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь». Яно прадугледжвала, што Лукашэнка скасоўвае два ўказы, а старшыня Вярхоўнага Савету і Канстытуцыйны суд спыняюць працэдуру імпічмэнту (у пагадненьні гэта далікатна названа «адкліканьнем прапаноў дэпутатаў» і «спыненьнем вядзеньня справы аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі».
Аднак парлямэнт не ратыфікаваў такое рашэньне, а Лукашэнка ў адказ абвясьціў вынікі рэфэрэндуму абавязковымі.
Пасьля рэфэрэндуму Вярхоўны Савет быў распушчаны, а замест яго стварылі двухпалатны парлямэнт, які складаўся з Нацыянальнага Сходу і Савету Рэспублікі.
Паводле афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму, большасьць падтрымала ідэі Лукашэнкі і выказалася супраць скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
Міжнародная супольнасьць і апазыцыя ў Беларусі не прызналі вынікі рэфэрэндуму. На знак пратэсту супраць рэфэрэндуму ў адстаўку падалі 7 судзьдзяў і старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Ціхіня, прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, міністар працы Аляксандар Сасноў, намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў.
Перад рэфэрэндумам у адстаўку адправілі кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, а ягонае месца заняла Лідзія Ярмошына, прычым кабінэт Ганчара быў захоплены сілавікамі. Перад гэтым Ганчар заяўляў, што ня зможа прызнаць вынікі рэфэрэндуму праз шматлікія парушэньні. У 1999 годзе Ганчара разам зь ягоным сябрам Анатолем Красоўскім выкралі, яны зьніклі бясьсьледна. Пазьней зьявіліся сьведчаньні, што да іх зьнікненьня магло быць датычнае кіраўніцтва краіны.
2004: Лукашэнка можа пераабірацца колькі заўгодна
У 2004 годзе ў Беларусі прайшоў трэці рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі. Рэч у тым, што Канстытуцыя абмяжоўвала знаходжаньне прэзыдэнта на пасадзе двума тэрмінамі, а наперадзе былі выбары прэзыдэнта 2006 году. І паводле Канстытуцыі Лукашэнка ня мог на іх балятавацца.
У бюлетэні для галасаваньня на рэфэрэндуме 17 кастрычніка 2004 году было толькі адно пытаньне:
- «Ці дазваляеце вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні“?»
У той жа час паводле артыкула 112 Выбарчага кодэксу на рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні, «зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайтовіч пра меркаваны замах, рэфэрэндум 2004-га і адмову ад катэджа ў ДраздахПаводле ўсебеларускага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага The Gallup Organization / Baltic Surveys у канцы верасьня 2004 году, за зьмену Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць 39% апытаных, супраць — 32,5%, астатнія на той момант яшчэ ня вызначыліся. Аднак, паводле афіцыйных вынікаў, «за» прагаласавалі каля 88% удзельнікаў рэфэрэндуму, а «супраць» — толькі каля 11%.
На наступны дзень пасьля рэфэрэндуму ў Менску прайшлі масавыя акцыі пратэсту, якія скончыліся разгонам пратэстоўцаў. Аднаго з арганізатараў акцыяў Паўла Севярынца ў 2005 годзе асудзілі на 3 гады «хіміі». Палітык адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна, дзе працаваў на лесанарыхтоўках.