Палітвязьня Аляксандра Францкевіча затрымалі летась 13 жніўня, ён адзін зь фігурантаў справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня».
Маці Францкевіча Тацяна расказала Свабодзе, што з канца лістапада яе сын знаёміцца з матэрыяламі справы. З словаў жанчыны, судзіць Аляксандра будуць хутчэй за ўсё ў студзені.
На гэты момант Аляксандра абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
«Было адразу тры [артыкулы], сьледчаму здалося мала», — кажа Тацяна Францкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархісту-палітвязьню Францкевічу дадалі пяты артыкулПаводле праваабарончага цэнтру «Вясна», спачатку Аляксандру Францкевічу выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя масавых беспарадкаў». А 28 студзеня 2021 году стала вядома, што супраць яго, а таксама супраць палітвязьняў Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Андрэя Чапюка і яшчэ некалькіх чалавек распачатая справа паводле ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу — «Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой форме». Потым абвінавачаньне перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 285 — «Стварэньне або кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй».
Як вынікае з апошняй інфармацыі, Францкевіча вінавацяць
- паводле ўсіх трох частак артыкула 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх, навучаньне ці іншая падрыхтоўка да ўдзелу»),
а таксама паводле:
- ч. 1 арт. 361 — «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»;
- ч. 3 арт. 130 — «Распальваньне расавай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці ў складзе групы асобаў»;
- ч. 3 арт. 361 — «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, з выкарыстаньнем СМІ ці інтэрнэту»;
- ч. 2 арт. 293 — «Удзел у масавых беспарадках»;
- ч. 2 арт. 339 — «Хуліганства, учыненае групай асобаў»;
- ч. 1 арт. 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Тацяна кажа, што сын, нягледзячы на няспынны перасьлед, не здаецца:
«Саша малайчына, трымаецца бадзёра і мяне стараецца падтрымаць празь лісты. У апошні час лісты пачалі затрымліваць, ужо тры тыдні няма. А так Саша не маркоціцца, нягледзячы на тое, што мае праблемы са здароўем: у яго адна нырка. Як і раней, Саша пісаў у лістах, каб я не хвалявалася, што гэта не назаўжды і што за чорнай ноччу заўсёды прыходзіць сьвітанак».
«Нават вільготныя сурвэткі і гематаген не прынялі»
З словаў жанчыны, сваякі Аляксандра рэгулярна перадаюць яму лекі і вітаміны, але прымаюць зь іх у СІЗА далёка ня ўсё.
«Цяпер перадалі абязбольвальныя і вітамін D. Для сну лекаў не ўдалося перадаць (у Аляксандра праблемы са сном і з зубамі. — РС), кетанол таксама, нават вільготныя сурвэткі і гематаген не прынялі».
У Тацяны спатканьне з сынам было 2 лістапада. Яна кажа, што пісала чарговую заяву на сустрэчу, аднак атрымала ад сьледчага адмову.
«Я хоць убачыла яго, пагутарылі, пасьмяяліся. І я зараз сапраўды ўпэўнена, што сын усё гэтае бясчынства вытрымае», — апавядае жанчына.
Аляксандр Францкевіч напісаў у адным зь лістоў да маці:
«Я таксама думаю, што тыя гіганцкія тэрміны, якія зараз даюць людзям, — для запалохваньня. Усіх нас разглядаюць як выгадны тавар, і нас яшчэ пасьпеюць прадаць. Калі сытуацыя ў эканоміцы стане горшая — думаю, акурат у наступным годзе. Магчыма, зноў пачнуць „таргі“ адразу пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму, калі пераканаюцца, што „вуліца“ пад кантролем».
Аляксандар Францкевіч быў актывістам анархісцкага руху. У 2011 годзе асуджаны на 3 гады зьняволеньня ў «справе анархістаў». Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных установаў, а таксама ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. Тады ён не прызнаў віну, адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і адбыў тэрмін цалкам у івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы». Пасьля вызваленьня ў 2015 годзе зьехаў ва Ўкраіну, у Беларусь не вяртаўся — жыў у Кіеве і працаваў кампутарнікам.
У чэрвені 2019-га Аляксандра дэпартавалі з Украіны ў Беларусь, пры гэтым па дарозе, як сам ён расказаў, сілавікі яго «білі і душылі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Білі і душылі», — анархіст Францкевіч пра тое, як яго дэпартавалі з УкраіныА 13 жніўня 2020 году Францкевіча арыштавалі ў Менску. На гэты момант хлопец ужо больш за год знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
У канцы жніўня паведамлялася, што Францкевіча і Гаеўскага-Ханаду катавалі ў КДБ электрашокерам і змушалі даць паказаньні супраць сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая справа выклікана вулічнай актыўнасьцю анархістаў, — Францкевіч