Анна Франк — яўрэйская дзяўчынка, аўтарка славутага «Дзёньніка Анны Франк», дзе яна апісала сваё жыцьцё ў часы нямецкай акупацыі Нідэрляндаў. Яна зь сям’ёй 25 месяцаў жыла ў сховішчы ў Амстэрдаме, пакуль нацысты ў жніўні 1944 году іх не арыштавалі і не накіравалі ў канцлягер Бэрген-Бэльзэн, дзе Анна памерла ў лютым 1945-га, калі ёй было 15 гадоў.
У доме, дзе жыла сям’я Анны да перасяленьня ў сховішча і дзе яна пачала пісаць дзёньнік, ад 2005 году дзейнічае рэзыдэнцыя для пісьменьнікаў, якія ня могуць свабодна жыць і працаваць у сваёй краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 чэрвеня 1942 Ганна Франк атрымлівае на дзень народзінаў ад бацькі нататнік у чырвонай вокладцы«Дарагая Анна,
я пішу табе гэты калядны ліст... з тваёй кватэры. Тут ты калісьці пачала весьці свой дзёньнік — цяпер ужо знакаміты. Сюды ты ўжо ніколі не вярнулася....
...У сваім дзёньніку ты апісваеш жыцьцё Амстэрдаму пры нацыстах — у лісьце да цябе я хачу апісаць жыцьцё Менску пры лукашыстах, жыцьцё эўрапейскай сталіцы, у якой у 2021 годзе нельга прайсьціся, напрыклад, у майцы амстэрдамскага «Аяксу», таму што яна бел-чырвона-белая, а Лукашэнка ненавідзіць гэтыя колеры гістарычнага нацыянальнага сьцяга Беларусі. Прыйшоўшы да ўлады, ён замяніў гэты сьцяг на стары савецкі. Мусіць, ты думаеш, што я перабольшваю, але вось толькі факты. На пятнаццаць дзён арышту былі асуджаныя: хлопец, які вывесіў у акне сьцяг Канады; дзяўчына, якая надзела бел-чырвона-белыя шкарпэткі; мужчына, які забыўся на бальконе скрынку ад тэлевізара (яна была белая з чырвонай паласой) і жанчына, якая раздавала мінакам бела-чырвоную пасьцілу. Арыштавалі людзей, якія ў знак пратэсту выстаўлялі ў вокнах дзіцячыя малюнкі і нават чыстыя белыя аркушы паперы. Як некалі ў тваім Амстэрдаме, абсурд і жорсткасьць пануюць цяпер у Беларусі. У Амстэрдаме 1942 году было небясьпечна быць яўрэем, у Менску 2021 году — вольным чалавекам.
У 2020 годзе сорак тысяч беларусаў прайшлі праз турмы. Расказваючы аб умовах утрыманьня ў беларускіх турмах, яны справядліва сьцьвярджалі, што іх увесь час катавалі. Дзясяткі былі забітыя, сотні тысяч, як і я, пакінулі краіну. У дзень, калі я пішу табе гэты ліст, у Беларусі адмянілі канцэрт у памяць аб ахвярах Галакосту, бо Лукашэнка баіцца масавых збораў людзей. Гэтымі днямі мянчанку асудзілі на 15 дзён арышту за пастаўленую на падвоканьне сьвечку ў памяць аб забітым лукашыстамі год таму Раману Бандарэнку. У гэтыя дні, калі я пішу табе калядны ліст, людзі, якія засталіся ў Беларусі, як некалі ў акупаваным Амстэрдаме, штодня баяцца арышту. Прычынай затрыманьня можа стаць усё што заўгодна: камэнтар у сеціве, «няправільная» музыка ў аўтамабілі або «няправільныя» кнігі дома. Памятаеш, ты пісала ў дзёньніку: «Баюся за што-небудзь брацца — а раптам гэта забаронена?» — ты пісала ня толькі пра Амстэрдам 1942 году, але і пра Менск 2020-га і 2021-га. Запэўніваю цябе, Ганна, калі ў гэтыя дні хто-небудзь у Беларусі захоча выставіць у акне тваю фатаграфію — чалавека гэтага неадкладна арыштуюць, таму што кожны дзень лукашысты зьнішчаюць волю і памяць. Лукашэнка хоча кантраляваць нават асабістае жыцьцё. Як калісьці фашысты, лукашысты перасьледуюць людзей і за сэксуальную арыентацыю — у сваёй гомасэксуальнасьці яны патрабуюць прызнавацца на камэру ў пастарунку. Нельга супрацьстаяць злу, нельга патрабаваць справядлівасьці, нельга нават памінаць нявінна забітых. Адзін з лукашэнкаўскіх міністраў прыбраўся ў форму НКУС, іншыя абмяркоўваюць будаўніцтва канцлягеру для «лібэралаў», на закрытых судах, як і дзевяноста гадоў таму, яны выносяць апанэнтам улады вар’яцкія прысуды: Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў, Віктару Бабарыку — 14 гадоў, Марыі Калесьнікавай — 11 гадоў...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саша Філіпенка: «Мы цяпер змагаемся ня толькі з рэжымам Лукашэнкі, але і з Расеяй, якая стаіць за яго сьпінай»А Эўропа, нягледзячы на ўсё, што я апісваю, бязьдзейнічае. Санкцыі, якія ўводзяцца супраць Лукашэнкі, хутчэй касмэтычныя, «выхаваўчыя». Пасьля году гуманітарнай катастрофы ў цэнтры кантынэнту самыя сур’ёзныя крокі — некалькі пакетаў малаэфэктыўных абмежаваньняў, «крайняя занепакоенасьць» і «глыбокая заклапочанасьць». Назіраючы, як мільёны беларусаў на працягу году самааддана змагаюцца за свае элемэнтарныя правы, Эўропа так і не адважваецца ўмяшацца, лічачы за лепшае адгарадзіцца мурам і разьлічваючы, пэўна, што парасткі дыктатуры скрозь яго не прарастуць.
Ты маеш рацыю, Анна, «пасьля кожнай вайны заўсёды гавораць: гэта ніколі больш не паўторыцца, вайна — такі жах, любой цаной трэба пазьбегнуць яе паўтарэньня. І вось людзі зноў ваююць адзін з адным, і ніколі не бывае інакш. Пакуль людзі жывуць і дыхаюць, яны павінны ўвесь час сварыцца, і, як толькі надыходзіць мір, яны зноў шукаюць сваркі». І ў канцы 2021 году мы бліжэй да вайны і канцэнтрацыйных лягераў, чым да міру. І я пішу табе гэты ліст з тваёй кватэры, таму што ня ведаю, калі вярнуся і ці вярнуся дадому».