Расея працягвае сьцягваць вайсковую тэхніку і канцэнтраваць войскі на мяжы з Украінай, паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, вывучаныя вайскова-выведнай кампаніяй Janes.
Паводле дадзеных Janes, зь лістапада да мяжы Ўкраіны былі перамешчаныя танкі, артылерыя і сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Як адзначае агенцтва, нягледзячы на абмежаваную колькасьць войскаў на мяжы, Расея зможа хутка «ўмацаваць гэтыя сілы», адправіўшы буйныя фармаваньні на цягніках і самалётах.
Як сьцьвярджаюць украінскія вайскоўцы, Масква сканцэнтравала ўжо 122 тысячы вайскоўцаў за 200 кілямэтраў ад межаў з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Энтані Блінкен: «У выпадку агрэсіі Расеі супраць Украіны ЗША зробяць захады, ад якіх раней устрымліваліся»
Сытуацыя на мяжы РФ і Ўкраіны ў апошнія месяцы рэзка абвастрылася. ЗША і іншыя прадстаўнікі Захаду абвінавачваюць у гэтым улады РФ, якія сьцягваюць вайсковую тэхніку да межаў Украіны. Пуцін і іншыя прадстаўнікі расейскай улады заяўлялі, што іх дзеяньні нібыта прадпрымаюцца ў адказ на дзеяньні Захаду.
У лістападзе 2021 году дасьледнікі з Conflict Intelligence Team зафіксавалі канцэнтрацыю расейскіх войскаў ля межаў Украіны, у прыватнасьці перакідваньне новай тэхнікі ў Варонескай вобласьці, а таксама перамяшчэньне эшалёнаў з Стаўрапольля ў бок Крыму. У Пэнтагоне таксама заявілі аб «значных» сілах расейскіх вайскоўцаў ля межаў Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO заклікаў Расею адвесьці войскі ад мяжы з Украінай
Асабовага складу Расея пакуль не перакідвае, зазначаюць аналітыкі Conflict Intelligence Team. На тое, каб перакінуць да месцаў базаваньня тэхнікі вайскоўцаў, трэба толькі два-тры тыдні, кажа заснавальнік CIT Руслан Левіеў.
Тым часам вэрбавальнікі пачалі набіраць групы наёмнікаў у Расеі для «баявой выправы» на Данбас, рэальныя яе мэты не называюцца, піша «Медуза» са спасылкай на крыніцы.
Паводле дадзеных выданьня, прапанову паехаць у «выправу ва Ўкраіну» з канца лістапада 2021 году атрымалі ня толькі прафэсійныя наёмнікі, але і ўдзельнікі канфлікту на Данбасе. Ідзе набор і сярод жыхароў так званых «ЛНР» і «ДНР», якія маюць баявы досьвед.