Вынесеныя ім выракі ў заяве названыя «выключна суровымі»:
«17 сьнежня ў Менску ў выніку пародыі на судовы працэс быў прыгавораны да 13 гадоў пазбаўленьня волі блогер Эдуард Пальчыс. Пасьля 15 месяцаў папярэдняга зьняволеньня ён быў прызнаны вінаватым у распальваньні варожасьці групай асоб, арганізацыі масавых беспарадкаў, арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, і за заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы.
Трыма днямі раней у Гомлі (...) 15 гадоў пазбаўленьня волі прысудзілі кансультанту Радыё Свабода Ігару Лосіку. Ён правёў у папярэднім зьняволеньні 18 месяцаў і быў асуджаны разам з іншымі палітвязьнямі за арганізацыю масавых беспарадкаў і распальваньне сацыяльнай варожасьці падчас аднаго з самых працяглых у гісторыі Беларусі судовых працэсаў, які доўжыўся 173 дні. Абодва слуханьні праходзілі за зачыненымі дзьвярыма, каб, па словах суду, «не дапусьціць распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў», — зазначаюць «Рэпартэры бяз межаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За ўвесь судовы працэс сваё прозьвішча я пачуў адзін раз». Ігар Лосік выказаўся пра свой вырак«Гэтыя вынесеныя ў выніку несправядлівых судовых працэсаў выракі зьяўляюцца самымі суровымі з тых, якія беларуская судовая сыстэма вынесла работнікам СМІ ў адыходзячым годзе», — заявіла кіраўніца аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі арганізацыі Жанна Кавелье.
На яе думку, «шалёная жорсткасьць беларускай судовай сыстэмы і беспрэцэдэнтная суровасьць гэтых двух выракаў не прадвяшчаюць нічога добрага для свабоды прэсы ў краіне ў 2022 годзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер, публіцыст, палітвязень. Хто такі Эдуард Пальчыс, якому прысудзілі 13 гадоў пазбаўленьня волі«Беларусь, чый дзяржаўны апарат без ваганьняў зьдзекуецца і катуе журналістаў у турмах, займае ў сусьветным індэксе свабоды прэсы за 2021 год 158-е месца са 180», — зазначаецца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 фактаў пра затрыманага журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваны журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык пра 5 прычынаў заставацца ў БеларусіКрымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.