Сяргей Будкін: «Проста на нашых вачах беларусы сасьпелі да ўспрыманьня свайго»

Сяргей Будкін

Энцыкляпэдычны том «(Не)расстраляныя», укладзены Сяргем Будкіным і Віктарам Жыбулем, названы экспэртамі Радыё Свабода кнігай 2021 году ў жанры непрыдуманай літаратуры.

Пра тое, як задумвалася і рабілася кніга з гісторыямі жыцьця васямнаццаці пісьменьнікаў, іхнімі абранымі творамі ды ілюстрацыямі, частка з якіх друкуецца ўпершыню, мы гаворым з адным з яе стваральнікаў Сяргеем Будкіным.

— Віншуем вас сардэчна з посьпехам кнігі «(Не)расстраляныя» і хочам адразу ж спытацца, як узьнікла ідэя гэтага выданьня?

— Спачатку была музыка. Так, першапачаткова праект задумваўся як музычны да 70-годзьдзя ад той чорнай даты 29.10.1937. Але справа разрасталася на вачах — кожны з паэтаў-герояў першай часткі праекту займеў сваю старонку ў Фэйсбуку, у гонар кожнага з іх было вырашана правесьці адкрытую лекцыю і пад кожную лекцыю абраць свайго экспэрта, сабраць і абагульніць архіўныя фота, дакумэнты, вокладкі кніг, зрабіць нататнікі — «маўклівыя кнігі»… І на канцэрце-прэзэнтацыі ўсё не скончылася. Бо дадаліся новыя музыкі, якія захацелі запісаць песьні на вершы іншых рэпрэсаваных паэтаў, і знайшліся знаўцы, якія захацелі пра гэтых паэтаў распавесьці. Такім чынам праект пераўтварыўся ў адукацыйны, з яго паўстаў курс лекцыяў для «Лятучага ўнівэрсытэта», мы зьезьдзілі з прэзэнтацыямі ў рэгіёны. Усе асноўныя матэрыялы праекту сабраныя на адмысловай старонцы.

Кніга была падсумаваньнем гэтай вялікай амаль 4-гадовай працы, якую зрабілі ўдзельнікі праекту. Адмыслова для яе тэксты лекцый былі дапрацаваныя (ці нават цалкам перапісаныя), падабраныя ілюстрацыі і творы, некаторыя з іх упершыню апублікаваныя. Ну і задача была, каб кніга проста нават з самога свайго выгляду ўяўляла з сябе твор мастацтва, каб яе было прыемна трымаць у руках і гартаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бялькевіч, Бахарэвіч, «(Не)расстраляныя». Найлепшыя кнігі 2021 году

— А скажыце, калі ласка, якую мэту ставілі Вы і Ваша каманда, складаючы гэтую кнігу?

— Мы хацелі ўшанаваць творцаў ня толькі за тое, што іх забілі, але і за тое, што яны зрабілі: прыняць іх у нашым часе, асэнсаваць тое, што яны пасьпелі стварыць, распавесьці пра іх саміх і працягнуць іх гісторыю далей.

— Што было самым складаным пры падрыхтоўцы «(Не)расстраляных?

— Усё. Праект з няпростых у рэалізацыі, які ўвабраў у сябе шмат складнікаў і з паўсотні ўдзельнікаў.

Але мусіць асабліва складанай была краўдфандынгавая кампанія, бо сродкі спачатку на музычны праект, а потым на кнігу зьбіралі талакою. І справа ішла ня надта весела, бо калі рабіць, то рабіць добра і якасна, а гэта вымагае выдаткаў. Я напісаў асабіста, мусіць, з тысячы тры зваротаў да тых, каго гэта можа зацікавіць. Вельмі шмат людзей падтрымала. Але, на жаль, сабраных сродкаў не хапіла на ўвасабленьне задумы. Танна рабіць не хацелася, таму давялося праінвэставаць часткова з сваёй кішэні.

Быў яшчэ іншы складаны этап. Паколькі мы пралічыліся з коштам кнігі на пачатку і абяцалі яе аддаць за ахвяраваньне ў 30 руб. (пры рэальным кошце як мінімум у два разы даражэй), то давялося яшчэ страціць на гэтым атракцыёне шчодрасьці і на перасылцы. Гэта заняло вельмі шмат часу, сілаў і паматала нэрваў, але па выніку ёсьць толькі радасьць ад добра выкананай працы. Бо тое, што мы хацелі паказаць, дайшло да тых, хто хацеў гэта ўбачыць і сказаў пра гэта загадзя. Астатняе — выключна нашы праблемы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сілаў няма такіх, каб нас перадушыць». Сяргей Будкін пра добрае ў 2021-м

— Ці былі (ёсьць) праблемы з прамоцыяй і распаўсюдам кнігі?

— З гэтым праблем не было, бо мы змаглі надрукаваць толькі наклад у 500 асобнікаў, якіх хапіла на ўдзельнікаў праекту, ахвярадаўцаў, рассылку па бібліятэках. І, калі не памыляюся, каля сотні асобнікаў пайшло на продаж і іх раскупілі менш, чым за дзень.

Апытаньне толькі на маёй старонцы засьведчыла, што кнігу хацелі б набыць яшчэ некалькі сотняў людзей. Ледзьве не штодня пытаюцца, дзе ўзяць. Але па-шчырасьці ўсур’ёз пакуль не пралічваў магчымасьць новага выданьня. Калі вытрымаць плянку якасьці і друкаваць ужо не 500, а 1000 асобнікаў, то патрэбная інвэстыцыя, якая ня факт, што акупіцца. Магчыма, якраз гэтае прызнаньне праекту кнігай году падштурхне да таго, што будзе другое выданьне.

— Наколькі запатрабаваным у беларускага чытача апынулася гэтая кніга?

— Калі б выставіць кропку з продажам гэтай ды, зрэшты, і іншых новых беларускіх кніг дзе-небудзь пасярод вул. Кастрычніцкай, для прыкладу, ці ў хоць якім менскім двары ў 2017 годзе, то я ня думаю, што наогул бы на гэтую кропку зьвярнулі ўвагу. А вось калі б гэтая кропка зьявілася на тых жа месцах праз тры гады, то кнігі мелі б усе шанцы разысьціся як гарачыя піражкі.

Не хочацца патасу, але ёсьць адчуваньне, што проста на нашых вачах — падчас рэалізацыі вось гэтага канкрэтнага праекту — беларусы сасьпелі да ўспрыманьня свайго. Гэты інтарэс, гэты рух цяпер штучна запаволілі, але ад гэтага ён нікуды ня дзеўся. Ён наадварот яшчэ болей разрастаецца, назапашваецца. Таму дужа важна думаць у маштабе такіх праектаў, сэрый, цыкляў і рабіць іх максымальна даступнымі, каб кожны мог пагрузіцца ў наш беларускі сусьвет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Будкін: Мы прапануем новую культурную палітыку для новай Беларусі

— А творы якіх аўтараў (аўтара) «(Не)расстраляных» найбольш блізкія Вам асабіста? Працытуйце іх, калі ласка, для нашых чытачоў.

— Вельмі цяжкі выбар, бо некалькі год запар вёў старонкі праекту і 12 паэтаў у сетках. Адкрываеш ты такі Фэйсбук і думаеш, ад каго сёньня напісаць — ад сябе, ці лепей ад Зарэцкага, Чарота ці Піваварава? Абіраеш цытату, фота, рэакцыю. А можна ж яшчэ зрабіць так, каб Вольны згадаў Дудара і той рэпоснуў сабе з зьедлівым камэнтам, які ён у рэальнасьці пісаў у адказ на яго крытыку. Цэлы сусьвет! Таму кожны з герояў праекту стаў для мяне як родны.

Але думаю, ніхто б з іх не пакрыўдзіўся на мяне, калі я ўсё ж вылучу з іх улюбёнага для сябе Міхася Зарэцкага, бо любоў гэтая правераная гадамі. І я лічу, што некаторыя яго творы хоць і мімаходзь праходзяць у школе і ўнівэры, але ён моцна недаацэнены. Паводле як яго жыцьця, так і яго твораў просяцца спэктаклі і фільмы, яго творы вартыя перавыданьняў і перакладаў на іншыя мовы.

Працытую тут два невялікія фрагмэнты — адзін з мастацкага твора (апавяданьне «Радасьць»), праз які той час, у якім жыў Зарэцкі, улятае ў пакой, нібы вецер у кепска прыкрытае акенца.

А другі — з публіцыстыкі, які адгукаецца нам тут і цяпер і тлумачыць, у чым бяда і якую праблему трэба вырашаць, каб пазьбегнуць жудасных для Беларусі наступстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская рада культуры падвяла вынікі працы: дапамаглі звыш 600 творцам

Фрагмэнт № 1

…Вуліцы сёньня надзіва пустыя. Калі-нікалі прабяжыць прастытутка ды праплыве часам нехта пад парасонам, прахлюпае важна галёшамі. А то яшчэ дзьверы піўнушкі расчыняцца, і півам насычаны гоман выпхне на вуліцу колькі фігур. Хістаюцца, палошчуць у дажджы сіплыя галасы.
Калі стрэнуцца гулякі вясёлыя, у яго ў думках мігне:

«Чаму я сёньня не п’яны?»

Дзіўна зробіцца й шкода.

А калі — з парасонам, тады чамусьці ўспомняцца дзіркі ў штанах, у ботах пачуюцца мокрыя ногі і золь мацней цела худое пратне…

Фрагмэнт № 2

Я падумаў: дакуль мы будзем жыць гэтым пазадзьдзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім самадавольствам «преподносят» нам нашы суседзі і якое мы прымалі як чыстае збожжа? Дакуль мы будзем зьбіраць з чужога стала ўбогія брудныя абʼедкі, аддаючы сваё дабро на агульную пагарду і зругу?

(1927 год)