Пералік арганізацыяў, фармаваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія «маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», абнавіўся, піша афіцыйны тэлеграм-канал сілавікоў. Раней «экстрэмізм» закідалі таксама іншым недзяржаўныя СМІ, якія асьвятлялі масавыя фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году і масавыя акцыі пратэсту.
«Экстрэмісцкімі фармаваньнямі» да Свабоды прызналі тэлеканал «Белсат» і агенцтва БелаПАН.
3 сьнежня стала вядома, што суд Цэнтральнага раёну Менску на падставе матэрыялаў ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода – Беларусь», яе аналягаў у сацыяльных сетках і відэагостынгу YouTube «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал ГУБАЗіК.
«Радыё Свабода катэгарычна адхіляе гэты сьмешны ярлык, — сказаў тады прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай. — Мы імкнёмся і надалей даваць аб’ектыўныя навіны і інфармацыю беларускім людзям, якія цяпер як ніколі маюць патрэбу ў незалежных СМІ. Рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму дае зразумець, што яго ігнараваньне праўды і намаганьні абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі ня маюць межаў».
Новыя судовыя рашэньні
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла інтэрнэт-рэсурсы Радыё Свабода ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»
- сайт «Радыё Свабода», старонкі ў Twitter, тэлеграме, YouTube. Сацыяльныя сеткі расейскай і ўкраінскай службаў Свабоды таксама трапілі ў беларускі «экстрэмісцкі сьпіс» (рашэньне суду Чыгуначнага раёну Гомля ад 7 сьнежня 2023 году);
- сымболіка Радыё Свабода, выява паходні аранжавага колеру (рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску ад 4 сакавіка 2022 году);
- група ў сацыяльнай сетцы «Аднакласьнікі» з назвай «Радыё Свабода» (рашэньне суду Барысаўскага раёну Менскай вобласьці ад 17 траўня 2023 году);
- тэлеграм-канал «Радыё Свабода – Беларусь», а таксама аналягі ў сацыяльных сетках і відэагостынгу YouTube (рашэньне ад 3 сьнежня 2021 году суду Цэнтральнага раёну Менску).
- Сайт Радыё Свабода заблякаваны на тэрыторыі Беларусі, які і іншыя незалежныя СМІ.
Як на гэта адрэагавалі нашы чытачы
Сабралі ў тэлеграм-канале Радыё Свабода рэакцыі нашых чытачоў на прызнаньне інтэрнэт-рэсурсаў Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем»:
- «Welcome to the club )»
- «Добрая прычына падпісацца!»
- «кожны дзень дно..»
- «Ну нарэшце 👍»
- «У наш час гэта знак якасьці»
- «Віншую — вы атрымалі знак якасьці. Толькі што на Вас падпісаўся празь Белсат»
- «З пачынам, спадары!!!🤘»
- «Нашы віншаваньні! Чыталі, чытаем і будзем чытаць!⚪️❤️⚪️»
- «Урааа, малайцы) віншую)»
- «Лавіце падпіску! ❤️»
- «Нарэшце афіцыйнае прызнаньне падышло. Падарунак да Новага году. Даўно падпісаны і адпісвацца не зьбіраюся. Радыё Свабода, Наша Ніва, Белсат, Мотолько помоги, Zerkalo (tut.by) і многія-многія іншыя — гэта тыя, хто дае магчымасьць паглядзець на адны і тыя ж падзеі пад рознымі ракурсамі і зрабіць свае высновы — тое, для чаго журналістыка і патрэбная..».
- «Ну што, можна толькі павіншаваць...»
- «Віншую з прызнаньнем!»
- «Улада, якая ўтойвае праўду ад народу, асуджаная! Цыцэрон (экстрэміст)»
- «Шчыра дзякую за Вашую працу. Но пасаран! Жыве Беларусь!!!»
- «Павіншую! Хоць зусім ня сьмешна, насамрэч»
- «З пачынам! Віншую!»
- «Мае віншаваньні! Дзякуй за леташнія стрымы!❤️»
- «Разам і назаўсёды✌️»
Перасьлед журналістаў Свабоды
25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.
14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За ўвесь судовы працэс сваё прозьвішча я пачуў адзін раз». Ігар Лосік выказаўся пра свой выракЛетась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.
Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваны журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык пра 5 прычынаў заставацца ў БеларусіШто трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.