— З якімі пачуцьцямі сустрэлі Вы навіну, што зборнік Вашых вершаў па вэрсіі Радыё Свабода названы лепшай кнігай паэзіі 2021?
— Гэта было нечакана для мяне. І вельмі прыемна. Увогуле, адкрываю для сябе новыя грані творчасьці: бываюць кепскія дні, і сіл няма, і настрою, і неяк усё ня клеіцца, а тут — раз! — атрымліваю добры водгук на кнігу ці нехта выбраў мой верш для конкурсу. І адразу адчуваю, што не дарма жыву і многае, з-за чаго нэрвуюся, можна вырашыць. Тут быў прыкладна такі ж выпадак.
— «Сьлёзы на вецер» — ваш дэбют. Прызнайцеся шчыра, калі пісалі і выдавалі сваю першую кнігу, ці марылі пра такі яе посьпех?
— У 2021-м я проста марыла выдаць кнігу, бо мара выдаць яе ў 2020-м не спраўдзілася. Калі рыхтаваўся зборнік, я хацела зрабіць так, каб мне самой гэта падабалася і каб было ня сорамна за вынік сваёй працы. Канешне, я хацела, каб кніга знайшла свайго чытача і атрымала прызнаньне, і я ўсьцешаная, што гэта адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бялькевіч, Бахарэвіч, «(Не)расстраляныя». Найлепшыя кнігі 2021 году— Ваша кніга выйшла ўлетку — гарачую ва ўсіх сэнсах пару 2021-га. І паўгоду таму, і тым больш цяпер многія лічаць, што мы перажываем зусім не паэтычныя часіны. Ну, а калі ўжо пісаць, то толькі тое, што адгукаецца на злыбеду дня. Што думаеце пра гэта? І што пісалася вам у гэтыя паўгоду пасьля выхаду «Сьлёзаў на вецер»?
— Я мяркую, што варта пісаць пра тое, пра што пішацца (такая вось таўталёгія). І пра сучаснае, і пра вечнае, і пра канкрэтнае, і пра абстрактнае. Паўгоду пасьля выхаду кнігі я напісала 2 вершы і некалькі чарнавікоў, якія яшчэ недарабіла. Іх я стварыла не ў Беларусі.
— А ці бываюць, на вашу думку, лепшыя і горшыя часы для паэтычнае творчасьці?
— Для мяне любы час зручны для паэтычнай творчасьці. А вось месца — не любое. Пакуль мне цяжка даюцца паэтычныя практыкаваньні ў Беларусі, тут не хапае «паветра», каб дыхаць на поўныя грудзі і пісаць на поўную моц. На жаль, адчуваю здранцьвеньне і скутасьць сваіх памкненьняў.
— Чым харошым, апрача посьпеху вашай кнігі, запомніцца вам 2021 год?
— У 2021-м у мяне адбыліся заплянаваныя і спантанныя падарожжы ва ўмовах пандэміі, яны мне запомняцца надоўга. Калі навакольны сьвет хісткі, як наш цяпер, я стараюся факусавацца на добрым і радавацца дробязям. Інакш можна зусім зварʼяцець.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’я Бялькевіч: «Мова не ўваходзіць у моду. Мова даўно на шчыце. І па шчацэ цячэ»Верш з кнігі Дарʼі Бялькевіч «Сьлёзы на вецер»
б’юцца ў вокны галінкамі дрэвы
рабі стрэлы
птушка дзюбай драпае шкло
бяры пяро
коціцца ў ногі чорны каменьчык
вастры наканечнік
слухай, я кепска страляю з лука
божа, кожны робіць тое, што можа
мы разам шукаем дарогу, якая ідзе ўгару
у хвіліны маўчаньня нараджаюцца ворагі
я гавару
* * *
Дарʼя Бялькевіч нарадзілася ў мястэчку Жыровічы, што на Слонімшчыне. Атрымала дыплёмы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту і Беларускага калегіюму. Працавала арт-мэнэджаркай і рэдактаркай культурніцкіх сайтаў. Яе вершы друкаваліся ў часопісах «Маладосьць», «Полымя», «Дзеяслоў», перакладаліся на расейскую, нямецкую і ўкраінскую мовы. У 2021-м выйшла першая кніга паэткі «Сьлёзы на вецер», якая атрымала шырокае прызнаньне чытачоў і названая найлепшай кнігай году па вэрсіі экспэртаў Радыё Свабода.