Выданьне назвала сваё рашэньне «ня самым відавочным выбарам ня самага простага году». Яно патлумачыла, што за імём Дар’і Лосік стаяць тысячы блізкіх палітвязьняў, і ўсе яны — Асобы 2021 году.
Дар’я Лосік — жонка блогера і журналіста «Радыё Свабода» Ігара Лосіка, якога затрымалі адным зь першых падчас выбарчай кампаніі 2020 году. За кратамі ён ужо 546 дзён.
«2020-ы быў годам вялікай надзеі. 2021-ы стаў годам бясконцага гора, невычэрпных сьлёзаў, разбураных сем’яў, паламаных лёсаў, бясконцай фрустрацыі і апантанага чаканьня», — патлумачыла выданьне, у якіх умовах рабіла свой выбар.
Дар’я гадуе іхнюю з Ігарам дачку Паўлінку, якой яшчэ няма трох гадоў. Тату забралі, калі ёй было паўтара.
«Дар’я не сядзіць на самоце ў сьлязах. Яна дзейнічае. Усё, што ў яе ёсьць, — словы... Дар’я не маўчыць, яна б’ецца за жыцьцё і свабоду мужа. Сваёй мужнасьцю і самаадданасьцю яна выклікае захапленьне», — абгрунтоўвае свой выбар «Наша ніва».
Жонка на волі далучалася да галадоўкі, якую летась ейны муж трымаў 42 дні. Яна падчас суду, які цягнуўся амаль паўгоду, штодня знаходзілася пад сьценамі СІЗА, дзе ішоў судовы працэс. Паміж Баранавічамі, дзе жывуць Лосікі, і Гомлем, дзе судзілі Ігара, 400 кілямэтраў.
Жанчына запісала некалькі сьмелых відэазваротаў у падтрымку мужа.
«Свайго адзінага каханага я вам забраць не дазволю. Я гатовая змагацца за Ігара да канца. За маёй сьпінай няма сотняў тысяч сілавікоў. Ёсьць толькі мой муж, разьбітае сэрца і абсалютна чыстае сумленьне. Дык давайце ж сустрэнемся, і я раскажу вам, што такое каханьне», — кажа яна і прапануе Лукашэнку сустрэцца.
Дар’я Лосік — адна з тысяч родных палітвязьняў. Яны нясуць цяжар душэўнага болю, матэрыяльных цяжкасьцяў, побытавых праблем, выпрабоўваюцца пакутамі адчаю, надзеі і чаканьня. Яны павінны быць моцнымі на мяжы чалавечых магчымасьцяў. Яны ўсе — Асобы 2021 года. Слова, салідарнасьць і каханьне — іхняя зброя", — піша выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні і тыя, хто іх чакае, — «Людзі Cвабоды – 2021»