Пракуратура Нідэрляндаў просіць пажыцьцёвыя тэрміны для Гіркіна і яшчэ трох абвінавачаных у справе аб крушэньні Boeing MH17

Рэшткі зьбітага „Боінга“

Нідэрляндзкая пракуратура на судзе ў справе аб катастрофе «Боінга» Малайзійскіх авіялініяў 17 ліпеня 2014 году над Данбасам папрасіла суд прызначыць пажыцьцёвае зьняволеньне для Ігара Стралкова (Гіркіна) і яшчэ трох падсудных.

Бок абвінавачаньня лічыць даказаным іх удзел у зьнішчэньні самалёта, які прывёў да гібелі 298 чалавек.

Грамадзянін Расеі Стралкоў у момант катастрофы камандаваў сэпаратыстамі так званай «ДНР». Грамадзяне Расеі Сяргей Дубінскі, Алег Пулатаў і грамадзянін Украіны Леанід Харчанка былі яго падначаленымі. Нікога зь іх у судзе няма, іх судзяць завочна. Падчас паседжаньня пракуратура таксама папрасіла суд выдаць ордэр на арышт абвінавачаных.

21 сьнежня ў Акруговым судзе Гаагі бок абвінавачаньня падаў доказы супраць абвінавачаных. Як сьцьвярджае сьледзтва, самалёт быў зьбіты ў разгар баёў на Данбасе паміж украінскімі войскамі і сэпаратыстамі з устаноўкі «Бук» на тэрыторыі каля пасёлку Першамайскі, якую кантралявалі сэпаратысты.
Паводле абвінавачаньня, сэпаратысты, несучы страты ад удараў украінскай авіяцыі, запыталі ў Расеі сродкі СПА. У Данецкую вобласьць з расейскай вайсковай часткі ў Курску накіравалі ўстаноўку «Бук». Абвінавачаньне аднавіла маршрут «Буку» ад расейскай мяжы да меркаванага месца пуску ракеты па «Боінгу», а таксама прывяло доказы непасрэднага ўдзелу абвінавачаных у яго дастаўцы і перавязеньні.

Абвінавачаньне таксама прывяло паказаньні сьведак, адзін зь якіх бачыў пуск ракеты. Многія казалі, што бачылі «Бук» у раёне меркаванага месца пуску. Экспэртыза паказала, што MH17 быў зьбіты ракетай «Буку» і ня мог быць закрануты ніякай іншай зброяй. Акрамя гэтага, бок абвінавачаньня прывёў зьвесткі аўдыёзапісаў тэлефонных перамоваў абвінавачаных, дзе яны абмяркоўваюць здарэньне.

Пракуратура лічыць даказаным, што абвінавачаныя кантралявалі дастаўку «Бука» і яго разьмяшчэньне і, хоць, відаць, не аддавалі непасрэдны загад страляць па самалёце, яны вінаватыя ў актыўным саўдзеле ў гібелі самалёта і забойстве пасажыраў. Хто менавіта аддаў загад страляць і непасрэдна выконваў яго, пакуль ня вызначана. Тое, што гэта маглі быць расейскія вайскоўцы, сьледзтва афіцыйна не пацьвярджае і не выключае. Расьсьледаваньне гэтага пытаньня працягваецца.

Расея катэгарычна адмаўляе дачыненьне да катастрофы «Боінга», на борце якога загінулі 298 цывільных асобаў, пераважна грамадзяне Нідэрляндаў. Масква таксама абвінавачвае суд у перадузятасьці. Пры гэтым сваёй адназначнай вэрсіі таго, хто зьбіў «Боінг», расейскія ўлады ня маюць — яны выказвалі некалькі вэрсіяў, адпрэчаных сьледзтвам.

Абвінавачаныя ў справе таксама заяўляюць аб сваёй невінаватасьці. Ігар Стралкоў на пытаньні аб «Боінгу» адказвае, што падпарадкаванае яму «апалчэньне» самалёт не зьбівала, не пацьвярджаючы і не адмаўляючы, што яго маглі зьбіць, напрыклад, расейскія вайскоўцы.

Нідэрлянды і іншыя краіны Захаду заклікалі Расею ўзяць на сябе адказнасьць за катастрофу, лічачы даказаным ва ўсякім разе расейскае паходжаньне «Буку». Масква адмаўляецца гэта зрабіць. Расея пачынала кансультацыі зь Нідэрляндамі, аднак неўзабаве выйшла зь іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартовага журналіста Аляксандра Івуліна абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў