Арганізацыя Аб’яднаных Нацый ня мае даных пра «масавыя пахаваньні мігрантаў» на мяжы Польшчы і Беларусі. Пра гэта 21 сьнежня заявіла Элізабэт Тросэл, афіцыйная прадстаўніца Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Тросэл падкрэсьліла, што Польшчы трэба правесьці незалежнае і эфэктыўнае расьсьледаваньне. Дэлегацыя ААН была зь візытам у Польшчы з 29 лістапада па 3 сьнежня і падзякавала польскаму ўраду за спрыяньне, а вось Беларусь адхіліла просьбу пусьціць дэлегацыю ААН на сваю тэрыторыю.
У ААН спасылаюцца на дадзеныя міжнародных арганізацый пра 21 чалавека, які ў 2021 годзе памёр на беларуска-польскай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беглы польскі салдат папрасіў прытулку ў БеларусіУ час свайго візыту, дэлегацыя ААН паразмаўляла з 31 мігрантам, распытаўшы іх пра ўмовы перасячэньня мяжы і падзеі на ёй. Большасьць заявіла, што, знаходзячыся ў Беларусі, білі або пагражалі гэтым мясцовыя сілавікі. Таксама людзі сьцьвярджалі, што беларускія сілавікі прымушалі іх пераходзіць мяжу, указваючы, калі і дзе рабіць гэта, і не давалі людзям пакідаць памежную зону і вярнуцца ў Менск. Некалькі апытаных заявілі, што беларускія сілавікі патрабавалі грошы за ежу і ваду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: мігрантаў у Беларусі білі і катавалі, цкавалі сабакаміТаксама Тросэл паведаміла, што ў ААН не да канца задаволеныя дзеяньнямі Польшчы — заканадаўства, якое дазваляе вяртаць мігрантаў у краіну, адкуль яны хацелі трапіць нелегальна, варта пераглядзець, а таксама не трымаць мігрантаў без аказаньня псыхалягічнай дапамогі ў сваіх цэнтрах, абмяжоўваючы іх свабоду перамяшчэньня.
Пра масавыя забойствы мігрантаў польскімі сілавікамі распавёў Эміль Чэчка, салдат, які дэзэртаваў з польскага войска. На радзіме супраць Чэчкі завялі крымінальную справу за дэзэртырства, акрамя таго, у яго былі таксама іншыя праблемы з законам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выцяў маці кулаком і галавой у твар, пагражаў ёй сьмерцю». Новыя дэталі пра польскага дэзэртыра Эміля Чэчку