Наземная мяжа Беларусі застаецца закрытай на другі год. 21 сьнежня 2020 году пачалі дзейнічаць новыя правілы пры выезьдзе зь Беларусі. Фармальна ў мэтах «прадухіленьня распаўсюду ў Беларусі інфэкцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19», для грамадзян прыпынілі выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску.
Ужо год беларусам, каб паехаць у суседнія краіны праз наземныя пераходы, патрэбны нейкія афіцыйныя падставы: вучоба, службовая выправа, запрашэньне на працу, лячэньне і г. д. Zerkalo.io затэлефанавала на «гарачыя лініі» Міністэрства аховы здароўя і Дзяржаўнага памежнага камітэту, каб даведацца, ці плянуюцца паслабленьні пры перасячэньні мяжы.
У памежным ведамстве паведамілі, што абмежавальныя захады вызначыў Савет Міністраў, таму пры пропуску грамадзян на мяжы кіруюцца менавіта гэтым рашэньнем. Ці паслабяць абмежаваньні, там ня ведаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавілі рух аўтобусаў «Горадня-Варшава»На «гарачай лініі» Міністэрства аховы здароўя аргумэнтавалі, што абмежавальныя захады зноў уводзяць усе краіны, маўляў, нічога незвычайнага ў гэтым няма. Таму пакуль што ніякіх паслабленьняў не плянуецца, бо «зьяўляюцца новыя штамы».
Пры гэтым 21 сьнежня зьявілася пастанова Савету Міністраў аб зьмякчэньні патрабаваньняў для самаізаляцыі для кантактных асобаў 1-га і 2-га ўзроўняў і людзей, якія прыяжджаюць у Беларусь. Цяпер карантын абавязковы толькі для тых, каму пастаўлены дыягназ COVID-19. Лякарні ў краіне сталі пераводзіць у звыклы рэжым працы.
А яшчэ раней у краіне адмянілі абавязковы масачны рэжым, выключыўшы з санітарных нормаў патрабаваньне насіць маскі пры наведваньні аб’ектаў, арганізацый і ў транспарце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уцяклі, калі зразумелі, што наперадзе турма». За мяжу выехалі лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч зь сябрам Віталём Трыгубавым ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыянт біў мяне па твары так, што я звалілася з крэсла». Дзяўчына была настаўніцай музыкі, а цяпер працуе ў Польшчы на будоўлі