21 сьнежня Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі прызначэньняў чыноўнікаў. Гэта ўсё людзі, якія і раней займалі кіроўныя пасады. Іван Крупко стаў кіраўніком Гомельскай вобласьці. Раней ён быў старшынём Нясьвіскага райвыканкаму, потым перайшоў у Менскі, а затым атрымаў прызначэньне міністрам сельскай гаспадаркі і харчаваньня.
Яшчэ ў ліпені Крупко заяўляў, што аграрны сэктар дзяржавы не пацярпіць ад заходніх санкцый, бо ў выпадку праблем беларускія аграрыі лёгка пераарыентуюцца на рынкі Расеі і Кітаю. Таксама ён сьцьвярджаў, што ўнутраны рынак забясьпечаны харчамі на 100%.
Да Крупко пасаду кіраўніка Гомельскага аблвыканкаму займаў Генадзь Салавей, пры якім на Гомельшчыне, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, адбыліся масавыя фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і брутальныя разгоны пратэстаў. Прычым са сьмяротнай ахвярай, якой стаў Аляксандар Віхор, хаця ён непасрэдна нават ня ўдзельнічаў у маніфэстацыях.
Таксама Салавей праславіўся тым, што адкрыў у верасьні 2020 году скандальны тронец для чырвона-зялёнага сьцяга за 1,5 мільёна рублёў. Ён абвінавачваў пратэстоўцаў у Беларусі ў выкананьні «загадаў заходніх спэцслужбаў». Акрамя таго, за абразу Салаўя ў сацыяльных сетках пачалі перасьледаваць вядомага мэтал-музыку Ўладзіслава Наважылава, якому ў выніку прысудзілі «хімію», але ён уцёк з краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі адкрылі скандальную мачту для сьцяга. У тым ліку каб «пераканаць нашых суайчыньнікаў, якія заблукалі»Аляксей Багданаў стаў міністрам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Раней ён быў начальнікам галоўнага ўпраўленьня замежнаэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі. На папярэдняй пасадзе Багданаў засьпеў харчовыя канфлікты з Расеяй з вэтэрынарнымі забаронамі і «беларускімі крэвэткамі», якімі нібыта сталі замяшчаць заходнія прадукты, што трапілі пад санкцыі Крамля.
На пасадзе міністра Багданаў замяніў Уладзімера Калтовіча, пры якім адміністрацыя Лукашэнкі яшчэ больш пашырыла свой камэрцыйны ўплыў і які ня бачыў праблемы ў адсутнасьці школьных дапаможнікаў на беларускай мове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы магчымы вынік «контрасанкцыяў» — рост цэнаў і павелічэньне карупцыі,— аналітык БарнуковаСяргей Шлычкоў стаў старшынём Дзяржаўнага камітэту ў навуцы і тэхналёгіях. Раней ён быў загадчыкам аддзелу навукі і інавацыйнага разьвіцьця ў Савеце Міністраў. Таксама працаваў намесьнікам начальніка Нацыянальнага дасьледчага інстытуту Ўзброеных Сілаў у навуковай працы. Мае званьне палкоўніка, кандыдат вайсковых навук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускі рэжым бачыць у айцішніках палітычных праціўнікаў