Бот зрабілі заснавальнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Ігар Случак і Аліна Нагорная, якія жывуць у вёсцы Перасека на Рагачоўшчыне. Раней яны выдалі папяровую кнігу-дапаможнік «Абаронім вёску».
Новы праект мае некалькі опцый, але галоўная мэта адна — дапамагчы вырашыць праблемы ў вёсцы з дапамогай зваротаў.
Тут падаюцца прыклады зваротаў, прававая інфармацыя, парады і інструкцыі на выпадкі, калі праблема не вырашаецца адразу.
Усё пра звароты
- У адмысловым разьдзеле тлумачаць, чаму важна пісаць звароты, што павінна там быць найперш, куды і як даслаць скаргу і калі чакаць адказу.
- Тут ёсьць гатовыя ўзоры, якімі кожны можа скарыстацца, каб адрамантавалі калодзеж, праверылі ваду, палепшылі якасьць інтэрнэту, зрабілі страху на прыпынку, падсыпалі дарогу, «адбілі» пешаходны пераход, вывозілі своечасова сьмецьце, падавалі рэгулярна электраэнэргію і г. д.
- Даюцца адрасы выканкамаў, прыкладаюцца спасылкі на электронныя формы для зваротаў ва ўсе выканкамы Беларусі.
- Акрамя ўсяго, можна знайсьці інфармацыю, што рабіць, калі зь бюракратычных органаў няма адказу або прыслалі дзяжурную адпіску і гэтак далей.
Раней Ігар Случак і Аліна Нагорная выдалі кнігу пад назвай «Абаронім вёску». Своеасаблівы дапаможнік закліканы дапамагчы жыхарам рэгіёнаў эфэктыўна вырашаць лякальныя задачы, каб чыноўнікі не ігнаравалі «сыгналы бедзтва».
Усе звароты, што ёсьць у кнізе, аўтары дасылалі самі, і яны спрацавалі. Некаторыя ня зь першага разу, але ёсьць інструкцыі і на такія выпадкі, адзначаюць Ігар Случак і Аліна Нагорная.